Каманда БДУ абыйшла лепшыя расейскія каманды ў чэмпіянаце па «Што? Дзе? Калі?»
Каманда БДУ «Гвярздонь праз Сяродку» выйграла Адкрыты чэмпіянат ВНУ Расеі па «Што? Дзе? Калі?», што прайшоў у Калузе. У гульнях прынялі ўдзел 40 каманд з наймацнейшых унівэрсытэтаў Расеі, Украіны і Беларусі. Геаграфія удзельнікаў — ад Іркуцка да Менска.
Спаборніцтвы прайшлі 24-25 сакавіка ў Калузе на базе дэманстрацыйна-выставачнага комплексу Адміністрацыі губэрнатара Калужскай вобласьці. Пераважная большасьць знаўцаў: 35 каманд — прадстаўлялі ВНУ Расеі. Тры каманды прыехалі з Украіны (Кіеў, Харкаў, Днепрапятроўск). І дзьве — «Гвярздонь праз Сяродку» і «Status Quo» — зь Менску.
У «Што? Дзе? Калі?» беларусы пакінулі ззаду дзьве наймацнейшыя маскоўскія каманды: зборную НДУ ВШЭ, які лічыцца наймацнейшым ВНУ Расіі, і «Мармуровы арол» з МДІМА.
Лепшыя каманды па выніках «Што? Дзе? Калі?» разыгралі паміж сабой «Інтэлектуальную мясарубку. І тут першынствавалі беларусы!
У складзе «Гвярздонь праз Сяродку» згулялі магістранты Павел Малецкі (гістфак) і Ўлад Парыцкі (філфак), старшакурсьнікі Яўген Ляшковіч (гістфак) і Дзьмітрый Мядзьведзеў (філфак, капітан каманды), студэнты 3-га курса Станіслаў Алімпаў (геафак) і Дзьмітрый Паўлавец (юркаледж).
Дзіўную назву для сваёй каманды хлопцы прыдумалі два гады таму, вяртаючыся з турніру па інтэлектуальных гульнях у Смаленску. На аўтавакзале на вочы знаўцам трапіўся аўтобус, які ідзе ў вёску Гвярздонь праз вёску Сяродка. Фраза «Гверздонь через Серёдку» перавандравала з лабавога шкла аўтобуса ў назву каманды.
У дадатак да кубку і мэдалёў знаўцы атрымалі традыцыйныя для «Што? Дзе? Калі?» прызы — кнігі: каталёгі жывапісу, зборнікі артыкулаў па гуманітарных дысцыплінах і падборкі сучаснай прозы.