Другое жыцьцё забытых гітоў. Гіт-канструктар

Я даўно чуў, што зь «візытнай карткай» сьпевака Аляксандра Саладухі, песьняй «Здравствуй, чужая милая!», нешта ня тое. Але чуў сабе і чуў, адмыслова з гэтым разьбірацца не зьбіраўся, бо, мякка кажучы, не фанат. Аднак гугл вырашае, і вось на якія думкі ён мяне раптоўна падштурхнуў.

Нашыя бацькі збольшага добра памятаюць, што ў 70-80-х гадах мінулага тысячагодзьдзя на прасторах СССР былі неверагодна папулярнымі так званыя «блатныя песьні», асаблівай папулярнасьцю карыстаўся Аркадзь Северны.

Практычна ён дыктаваў тут умовы, ствараў правілы гэтага песеннага напрамку. Жанр, у якім выступаў тады Северны, зараз называюць «шансонам», «гарадзкім рамансам» і г.д. Канешне, тут можна доўга спрачацца наконт дакладнасьці тэрміналёгіі, увогуле, гэта вялікая асобная тэма для размовы. Менавіта мне больш даспадобы вызначэньні «савецкі блатняк» ці нават сьмелае «гарадзкі хуліганскі блюз». Натуральна, музычна тут блюзам і не пахне, але эстэтыка амаль адзін у адзін: і там і там тэксты-замалёўкі з жыцьця злодзеяў, забойцаў, выпівох, расстаньне з жанчынай і адпаведныя словы ёй удагонку, зноўку крымінал. Нешта падобнае спачатку было і ў хіп-хопе, але там, на жаль, усё патанула ў залатых ланцугах і сіліконавых грудзях, жопах і мэлізмах. Аркадзь Северны ж быў абсалютна шчырым, арганічным са сваім рэпэртуарам: вёў, па сутнасьці, маргінальны лад жыцьця, існаваў практычна бяз пашпарту і сталага жытла, адначасова трапляў пад некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу СССР — сьпіс вельмі працяглы. Пра што яшчэ сьпяваць такому чалавеку, калі ён шчыры, канешне?

Для пэўнай часткі пакаленьня нашых бацькоў Северны стаў такім своеасаблівым «Высоцкім наадварот»: падпольным чалавекам-легендай, героем не для інтэлігентаў. Вядомасьць меў тады каласальную, нават я яшчэ з часоў дзіцячага садку памятаю рэфрэн «Бутылка вина! Не болит голова! А болит у того, кто не пьёт ничего!» Тыповы ўзор маргінальнае творчасьці, але як трапна! Адсюль і папулярнасьць, панове. Таксама з тых часоў выплывае пачутая «Созрели вишни в саду у дяди Вани». Гэтая песьня ўвогуле была адной з маіх першых, якую я граў на барысаўскай гітары, што ўжо тут хавацца))

Северны памёр у 1980-м. Пасьля сябе ён пакінуў спадчыну ў 100 падпольна запісаных магнітальбомаў (прывітаньне гурту The UNB!). Пісаліся яны альбо пад акустычную гітару на чыёйсьці кватэры, альбо з практычна джазавымі, эстраднымі калектывамі з цудоўнымі назвамі кшталту «Черноморская чайка». Зараз так ансамблі не называюць, а дарма. Шмат чаго з магнітаграфіі Севернага стала сапраўднай клясыкай, але збольшага тыя аўтсайдэрскія песьні засталіся аматарам, у сілу сваёй спэцыфічнасьці і вузкаскіраванасьці. З мазгоў жа шырокіх масаў насельніцтва за гады яны паступова ўлятучыліся.

Скажам так, я зусім не аматар так званага «шансону», дакладней, Северны — якраз тое, што я яшчэ магу з такой музыкі слухаць. Бо зноўку ж, тут хутчэй эстэтыка алдовага амэрыканскага блюзу, практычна roots music з папраўкай на адэскі габрэйскі фальклёр і крымінальную савецкую рамантыку. Таму мяне зацікавіла сама зьява такая — Аркадзь Северны, я пачаў нешта пра яго вышукваць, «гугліць». І вось, неяк на youtube пабачыў дзіўны загаловак «Аркадий Северный — Здравствуй, чужая милая». Спачатку не ўрубіўся, не паверыў сваім вачам, але вушам паверыць прыйшлося. Так, у выкананьні Севернага гучаў практычна той самы тэкст зь «візытнае карткі» Саладухі, дакладней, наадварот: Саладуха сьпяваў тэкст, раней выкананы Северным. О як! Можаце самі паспрабаваць, дарэчы, пашукайце, паслухайце, параўнайце! Дзеля справядлівасьці адзначу, што Аркадзь Северны таксама не зьяўляўся аўтарам гэтага вершу, проста сьпяваў яго. Ён увогуле не выконваў сваіх песень, бо не было іх, сьпяваў чужыя, але як! Гісторыя, сябры, карацей, блытаная))

У нас у Беларусі Эдуард Ханок прыдумаў да гэтага верша сваю музыку — і «гэй, наперад», як той казаў. Аддаў яе Саладуху, і панеслася ў таго зорна-эстраднае жыцьцё. Будзем шчырымі, час ад часу людзі задавалі на розных там сустрэчах і інтэрв’ю Саладуху пытаньні кшталту «чулі мы гэтую песьню ў 70-х, але КРЫХУ там іншыя словы былі», і сьпявак, здаецца, ніколі не адмаўляў, што тэкст тут… «народны», але і не падкрэсьліваў гэта асабліва, тым больш па сваёй волі.

І вось, сябры, на якія думкі мяне гэты выпадак, які я лічу паказальным, падштурхнуў. Тут можна вылучыць некалькі правілаў і этапаў лёгкага і хуткага напісаньня гіта. Такі ў нас «Гіт-канструктар» атрымліваецца.

Для напісаньня шлягера вам неабходна:

  • 1. Мэтаскіравана і ўпарта нарыць у нэце забытыя гіты і трошкі пераапрацаваць іх, сыходзячы з уласных амбіцыяў, таленту і фантазіі (непатрэбнае выкрэсьліць).
  • 2. Лепш за ўсё шукаць гіты «спэцыфічных» выканаўцаў, бо тут меней рызыка быць злоўленым за руку.
  • 3. Важна, каб сапраўднае аўтарства нарытага гіта было невядомым, так спакайней.
  • 4. Калі гіт творча перапрацаваны ў ваш, трэба сябе прымусіць паверыць, што сапраўдны аўтар — выключна вы! Некаторым дапамагае высокая канцэнтрацыя алькаголю ў арганізьме аўтара гіта).
  • 5. Пры напісаньні прэс-рэлізу ці ў інтэрв’ю як мага часьцей ужывайце ў дачыненьні да сваёй творчасьці эпітэты кшталту «першы ў Беларусі», «унікальны» і г. д. Карацей, пішыце, што гэта ўвогуле вааааааўўўў!) Будучыя рэцэнзэнты вам толькі дзякуй скажуць, вы аблягчаеце іх працу!

Пасьпяховасьць гэтага мэтаду відавочная! Можна браць цалкам пласты замежнае музыкі і на іх грунце фігачыць цэлыя ўласныя альбомы! Напрыклад, амэрыканскі андэграўнд 80-90-х. Гэта ж для нас сапраўдная скарбонка! Усе гэтыя шыкоўныя, але толкам у нас невядомыя The Jesus Lizard, Butholle surfers, No means no і шмат іншых. Тыя, хто ведае гэтыя калектывы, альбо ўжо ня ходзяць па канцэртах з прычыны ўзросту, альбо ім проста нецікава будзе камусьці і штосьці тут даказваць, бо такіх аматараў мала, іх галасы проста не пачуюць.

І я вось не разумею, чаму ніхто да гэтага часу не дапёр перайграць адзін у адзін які раньні альбом тых жа The Jesus Lizard і чаму не прыпаднясе гэта як свой «першы ў Беларусі noise-rock альбом», напрыклад? Ніхто ж з-за ўласнае ляноты ці інфармацыйнага перагрузу не падумае вас правяраць! Людзям будзе прасьцей проста паверыць пары вашых тэзісаў і далей займацца сваімі справамі, пад фон такой ненавязьлівай «унікальнай» музыкі. Амаль усе ад гэтага толькі выйграюць, амаль. Хоць я асабіста вельмі рады, што такое ўсё ж пакуль не адбываецца альбо адбываецца зрэдку. Нейкая надзея яшчэ застаецца, такі ў мяне атавізм.

Карацей, амігас, калі хочаце, карыстайцеся гэтым рэцэптам, можа, і ў вас такім чынам зьявіцца свая «візытная картка». Але тады з вас паўлітра, узьніму кілішак за Севернага і амэрыканскі андэграўнд 80–90-х!)

Усім дзякуй за ўвагу. Да наступнае сустрэчы!

P.S. А «Здравствуй, чужая милая» ў Саладухі ўсё ж добра атрымалася. Мілая, хаця і чужая.
P.P.S. Таксама «Здравствуй, чужая милая» душэўна перайграў наш беларускі Neuro Dubel, за што атрымаў узнагароду на Рок-каранацыі 1996 году ў намінацыі «За лепшую інтэрпрэтацыю эстраднага шлягера», а таксама прыз Ленінградзкага рок-клюбу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0551 seconds.