Яно там

Вясновы сэзон галерэя сучаснага мастацтва «Ў» распачала пэрсанальнай выставай Антаніны Слабодчыкавай «Яно тут». 8 сакавіка прайшло адкрыцьцё выставы. У нас — фотарэпартаж з прэзэнтацыі.

Антаніна Слабодчыкава ня першы год правакуе беларускага і замежнага гледача сваімі яркімі непаўторнымі працамі. Каханьне, вера, узаемаадносіны паміж людзьмі, узаемадзеяньне мастацтва і гарадзкой прасторы, сацыяльна арыентаванае мастацтва – асноўныя тэмы яе мастацкіх дасьледаваньняў. Жывапіс, калаж, відэа, пэрформанс… Мастачка заўсёды экспэрымэнтуе з новымі напрамкамі ў сучасным мастацтве.

У сваім праекце «Яно тут» Антаніна разважае над пачуцьцём страху. Чалавек баіцца таго, чаго не ведае. А больш за ўсё ён ня ведае сябе, таму што яно ёсьць таямніца. У праекце «Яно тут» Антаніна Слабодчыкава дасьледуе свае галоўныя страхі:

«Тое, чаго я зусім не ведаю, толькі чую гэта, прадчуваю, адчуваю, ведаю, што яно тут. Але кожны раз уяўляючы, як яно можа выглядаць, губляюся ў здагадках. Як надаць гэтаму адчуваньню форму? Пазначыць у прасторы яго прысутнасьць, пачуць яго? Таму што як толькі яно стане бачным, у той момант, калі прыручыць яго, перастану яго баяцца».

Вербальная формула еs ist da, якую мастачка шматкроць, у розных формах паўтарае ў чорнай залі, матэрыялізуе галоўны страх, дапамагае адчуць яго прысутнасьць. Але, ператварыўшыся ў малюнкі, надпісы, малюнкі з часопісаў на выдраных старонках старых кніг, якія мастачка разьмяшчае на драўляныя «таблеткі» (як іконы), гэтая фраза ператвараецца ў малітву. Трывога сыходзіць. А кнігі, пагружаныя ў ваду і якія растаюць на вачах, нараджаюць новае – надзею, зь якой зноў вяртаесься ў чорную залю, каб ніколі больш яго не баяцца.

Антаніна Слабодчыкава – адна з найбольш выбітных мастакоў Беларусі, скончыла Беларускую акадэмію мастацтва і з 1998 года прымае ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх выставах. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях аматараў сучаснага мастацтва ў Беларусі, Расіі, Германіі, Швэйцарыi.

14:00, 11/03/2012 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.