Фатографаў запрашаюць на Kaunas Photo
Фатографы маюць магчымасьць падаць заяўку на ўдзел у 9-м фотафэстывалі Kaunas Photo, які пройдзе ў верасьні ў Літве.
Мэта выставы – рэпрэзэнтаваць фота-мэнтальнасьць сучаснага грамадзтва, прасачыць адбіткі досьведу праз сродкі масавай інфармацыі і мастацтва.
Арганізатары чакаюць пабачыць здымкі непасрэдна пра фатографаў і фотаапараты, фоталябараторыі і студыі, пра гісторыю і сучаснасьць фатаграфіі.
Да ўдзелу запрашаюцца мастакі і фатографы незалежна ад нацыянальнасьцяў, узросту і спэцыялізацыі. Галоўная ўмова — тэма фэсту «Пра фатаграфію».
Заяўкі прымаюцца на адрас festival@kaunasphoto.info па 15 красавіка 2012 году.
Ліст мусіць уключаць кароткае апісаньне праекту (ад трох сказаў да адной старонкі), CV аўтара з апісаньнем творчасьці, а таксама на выбар:
- Да 15 выяваў у фармаце jpg; кожная памерам ня болей 1200 px па шырыні; якасьць 90% jpg, RGB;
- Фота і дадатковая інфармацыя ў PDF, калі выявы патрабуюць тлумачэньняў;
- Спасылкі на відэа, калі такое ёсьць (само відэа мэйлам не слаць).
Максымальны памер ліста — 10 МВ. Тэма ліста — «About Photography – Name Surname». Далей арганізатары абяцаюць скантактавацца з аўтарамі, чые працы найбольш адпавядаюць тэме фэсту і абмеркаваць тэхнічныя пытаньні прэзэнтацыі здымкаў, даезду і ўдзелу непасрэдна ў фэсьце 4-8 верасьня 2012 году ў Каўнасе.