МАЗ прываблівае разьмеркаваных выпускнікоў заробкам у 3.5 млн. і кватэрай

Сёлета на завод разьмяркуюць 150 выпускнікоў, якім гендырэктар ўжо паабяцаў заробак у $430 і кватэру празь пяць гадоў. Праўда, шараговыя супрацоўнікі прадпрыемству маюць іншае бачаньне пэрспэктываў маладых спэцыялістаў на заводзе.


Фота maz.by

Паводле заявы генэральны дырэктара МАЗу Аляксандра Бароўскага, завод на хвалі росту вытворчасьці заняўся стварэньнем новых працоўных месцаў для маладых спэцыялістаў. МАЗ нават вырашыў праводзіць адмысловыя дні адчыненых дзьвярэй для маладых спэцыялістаў вядучых унівэрсытэтаў.

Як перадае БелТА, на адным з такіх дзён дырэктар распавёў, што маладыя спэцыялісты могуць адразу пасьля разьмеркаваньня атрымаць заробак у 3.5 млн. ці $430 — гэта вышэй, чым сярэдні па краіне. А цягам 5 гадоў адданай працы можа «зьняцца» пытаньне з жыльлём.

«Заробак маладога спэцыяліста, які працуе на пасадзе майстра, з сакавіку 2012 г. складзе 3.5 млн. рублёў, пры стажы ад 6 месяцаў да году — 4 млн. рублёў, ад году да 2 гадоў — 4.3 млн. рублёў», — заявіў спадар Бароўскі.

Акрамя гэтага, разьмеркаваным спэцыялістам абяцаюць інтэрнат, а ў будучым — маласямейнае жытло. У сацпакет МАЗу ўваходзіць магчымасьць вывучаць замежную мову за кошт прадпрыемства.

Як адзначаюць супрацоўнікі заводу на форумах, працуючы на заводзе кватэру сапраўды можна атрымаць, але даволі далёка ад Менску. Напрыклад, у раёне Сокал, што фармальна ўваходзіць у склад сталіцы, але знаходзіцца вельмі далёка ад яе. Заробкі ж моцна вар’іруюцца, хаця, калі працаваць дастаткова шмат, то атрымаць заяўленыя грошы магчыма.

Абяцаныя МАЗам заробкі ў некаторых выпадках у два разы перавышаюць тыя, на якія могуць разьлічваць выпускнікі, напрыклад, мэдыцынскіх унівэрсытэтаў. Гэтак, сёлета выпускнікам Віцебскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту прапаноўвалася разьмеркаваньне ў менскія паліклінікі на пасаду ўрача-тэрапэўта з акладам у 1.3–1.5 млн. рублёў. Узровень нават у 3 млн. для маладых разьмеркаваных мэдыкаў амаль недасягальны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.