Прафэсар БДУ зарабляе меней за выпускніка

У БДУ моцна турбуюцца з-за адсутнасьці жадаючых выкладаць і з-за ўзросту прафэсараў. У гэты ж час заробак выкладчыкаў у некалькі разоў меншы за прыбытак некаторых выпускнікоў унівэрсытэту.


Заробкі ў розных сфэрах у Беларусі. Паводле дадзеных dev.by і рэктара БДУ

Рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту моцна турбуе нежаданьне моладзі станавіцца выкладчыкамі і навукоўцамі. Прыцягваць у навуку моладзь рэктар прапануе ростам заробкаў. Між тым, цяпер розьніца ў прыбытках выпускнікоў некаторых факультэтаў БДУ і выкладчыкаў гэтага ж унівэрсытэту вырасла ў разы. І не на карысьць выкладчыцкага заробку.

Сярэдні заробак супрацоўнікаў менскіх IT-кампаній з вопытам працы ад аднаго году — $1 035. А прафэсар факультэту прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, дзе навучаюцца будучыя праграмісты, — $665. Яшчэ горш сытуацыя з выкладчыкамі без навуковай ступені. Тыя могуць разьлічваць толькі на $314 у месяц.

З улікам таго, што большасьць студэнтаў факультэту на момант атрыманьня дыплёму ўжо працуюць у сфэры IT больш за год, можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што некаторыя выпускнікі БДУ зарабляюць нашмат болей за сваіх выкладчыкаў. Канешне, калі апошнія не падзарабляюць у тых самых IT-кампаніях, што нярэдкасьць.

Выкладчыкі састарэлі

Старэньне прафэсараў Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту рэктар Сяргей Абламейка лічыць «катастрафічным». Пра гэта ён заявіў на пасяджэньні Прафэсарскага сходу БДУ, перадае БелаПАН.

Паводле ягоных словаў, штогод сярэдні ўзрост выкладчыка БДУ павялічваецца на адзін год. Пры гэтым, у БДУ надта шмат выкладчыкаў-пэнсіянэраў.

«Моладзь ня вельмі хоча ісьці ў навуку, і мы старэем», — кажа рэктар. Сярэдні ўзрост загадчыка катэдры ва ўнівэрсытэце — 57 гадоў, прафэсара — 65.

Цяпер прафэсараў ў БДУ ўсяго 300, а да 40 гадоў і зусім ніводнага. Моладзь працаваць у навуцы ня хоча, вось ВНУ і «катастрафічна старэе». Усе разумеюць, што каб даслужыцца да высокага званьня, патрэбныя гады, на працягу якіх навукоўцы ледзь-ледзь зводзяць канцы з канцамі.

Такая сытуацыя ў беларускіх унівэрсытэтах існуе ня першы год. Як і ня першы год гаворыцца аб неабходнасьці павелічэньня заробкаў выкладчыкаў. Тым часам, разрыў паміж заробкамі выкладчыкаў і выпускнікоў у пэрспэктыўных галінах расьце: па дадзеных dev.by сярэдні заробак у IT зь лістападу павялічыўся на $254 да рэкорднай для Беларусі сумы ў $1 509.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.