У Менску праходзіць першы форум студэнтаў-архітэктараў

«Ракурсы цэнтра» — пад такім назовам да канца тыдня ў Менску праходзіць форум студэнтаў-архітэктараў. На шэраг лекцыяў форуму ўваход вольны.

Форум студэнтаў-архітэктараў гэта вынік шматгадовай дзейнасьці Беларускай Асацыяцыі Студэнтаў Архітэктараў (БАСА).

БАСА ўжо працяглы пэрыяд, з часу свайго заснаваньня ў 1993 годзе, займаецца папулярызацыяй і арганізацыяй адукацыйных праектаў. Дзейнасьць асацыяцыі накіравана на павышэньне духу і прафэсійнага прэстыжу ў асяродзьдзі студэнцтва. Для гэтага ствараецца магчымасьць сумяшчэньня інтэнсіўнай творчай і прафэсійнай дзейнасьці ў неаўдыторным фармаце. Першымі крокамі ў гэтым кірунку былі так званыя «летнікі»: летнія выезды на розныя помнікі архітэктуры Беларусі, дзе праводзяцца рэстаўрацыйныя і дасьледчыя працы. З 1993 года летнікі БАСу праводзіліся ў Гальшанах, Крэве, Сынковічах, Строчыцах, Мураванцы. Штогадовы летнік у Любчы даўно ўжо стаў міжнароднай плятформай сустрэчы людзей самых розных колаў і прафэсійных інтарэсаў. Яшчэ ў далёкім 1995 годзе польскія і беларускія студэнты сумесна арганізавалі EASA (Эўрапейская асамблея студэнтаў-архітэктараў) у Польшчы.

Першы Менскі форум БАСу — ня проста амбіцыйная заяўка, але арганічны вынік шматгадовай і плённай працы студэнтаў. Гэта ініцыятыва, якая прэтэндуе на пераемнасьць, разьвіваючыся і дасягаючы новых вышынь.

«Ракурсы цэнтра» — гэта асэнсаваньне шматграннай сутнасьці гарадзкога цэнтру Менску ва ўсіх яе зблытаных і супярэчлівых выявах. Мэтадычная ідэя форуму — міждысцыплінарны падыход: зьбіраючы разам лектараў з самых розных сфэр, мы ў выніку здымаем максымальны лік «зьлепкаў» з гарадзкога цэнтру ў усіх наяўных плоскасьцях: архітэктуры, культуры, псыхалёгіі, эканомікі, унутрыгарадзкой лягістыкі, гісторыі фарміраваньня горада. Зводзячы ўсё разам, атрымліваем найбольш поўную і аўтэнтычную карціну. На гэтай аснове мы разам распрацоўваем рашэньні праблем цэнтра Менску», — тлумачаць арганізатары.

Фэстываль праходзіць у фармаце воркшопаў, якія чаргуюцца зь лекцыямі. У якасьці куратараў груп выступаюць запрошаныя т’ютары, архітэктары і дызайнэры.

У задачах форуму ляжаць: ідэнтыфікацыя цэнтра Менску; вызначэньне функцый цэнтра Менска; асэнсаваньне праблем цэнтра Менска ў розных аспэктах: архітэктурным, гістарычным, сацыяльным, эканамічным; распрацоўка праектаў па пераўладкаваньні прасторы цэнтра сталіцы.

Праграма форуму з раскладам лекцыяў

11:00, 01/02/2012 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.256 seconds.