Заробак маладых мэдыкаў у Беларусі — $240

Маладыя мэдыкі незадаволеныя сваім заробкам. І ня дзіўна: пасьля разьмеркаваньня лекар можа разьлічваць на заробак, які не перавысіць $180. Чыноўнікі ж раяць моладзі забыцца на грошы і цешыцца тым, што могуць «прыносіць карысьць людзям».

Заробак маладых спэцыялістаў-дактароў ніжэйшы за сярэднюю сярод мэдыкаў на чвэрць і вар’іруецца ад $180 да $240, паведамляе газэта Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Беларускі час».

Дзяржаўныя прафсаюзы вырашылі спытаць маладых лекараў, ці падабаецца ім іхні заробак. Як ні дзіўна, толькі 3.5% зь іх сказалі, што задаволеныя заробкам. А 52,4% маладых лекараў лічаць заробак нізкім.

У афіцыйных прафсаюзах прызнаюць: мэдык не задаволены сваім заробкам, таму маладыя спэцыялісты асабліва не затрымліваюцца пасьля разьмеркаваньня ў дзяржаўных установах. Таксама моладзь турбуе адсутнасьць жыльля, асабліва ў Менску і Менскім раёне. Пры гэтым пэрспэктывы моладзі ў беларускіх шпіталях ня надта сьветлыя: нават лекары са стажам ня часта зарабляюць болей за $420.

Беларускім чыноўнікам застаецца спадзявацца на жаданьне маладых людзей дапамагаць людзям:

«Матэрыяльная выгода для маладых лекараў не стаіць на першым месцы, — сьцьвярджае прадстаўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў. — Сваю прафэсію яны цэняць за магчымасьць дапамагаць і прыносіць карысьць людзям».

Сярэдні месячны заробак маладога лекара ў Расеі — каля $650, ва Ўкраіне — каля $180. У мінулым годзе сярэдні заробак лекараў у Літве складаў $1 300, у Чэхіі — $2 500. А вось хірург у ЗША зарабляе $17 тыс. у месяц.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.