Сьмерць па разьмеркаваньні
25-гадовая выпускніца Горацкай акадэміі разьвіталася з жыцьцём на першым годзе разьмеркаваньня. У яе забойстве цяпер абвінавачваюць калегаў. Дзяўчына заўжды казала: «Хутчэй бы адпрацаваць».
25-гадовая Алеся Лахніна марыла аб тым, каб разьмеркаваньне ў невядомай вёсцы хутчэй скончылася. Фота «Наша Ніва»
Трагедыя здарылася ў вёсцы Будслаў на Мядзельшчыне, піша «Край.бай». 25-гадовая Алеся адпрацоўвала разьмеркаваньне пасьля Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў суседнім Ілаве на пасадзе агранома. У Будславе яна наймала хатку.
Як распавядаюць будслаўцы, дзяўчына хацела зьняць кватэру з гаспадыняй, каб ня жыць адной, але так і не знайшла варыянтаў. Раніцай Алеся ня выйшла на працу. На тэлефанаваньні не адказвала. Калі ўзламалі дзьверы ў хаце, яна ўжо была мёртвай.
«Яна была вельмі вясёлай. Заўсёды ўсьміхалася. У яе ніякіх сакрэтаў ні ад каго не было, заўжды падзеліцца, параіцца. Стылёвая, сымпатычная, даверлівая», — кажа знаёмая Алесі Тацяна.
«Але заўжды казала: „Хутчэй бы адпрацаваць“. Шмат хто зайздросціў ёй. У яе быў хлапец з Горак. Летам неяк прыязджаў. Але замуж яна не зьбіралася пакуль не адпрацуе».
Па падазрэньні ў забойстве ўжо затрыманая сямейная пара з Будслава. Людзі кажуць, што да іх дому прывёў службовы сабака, які «ўзяў сьлед» на месцы злачынства, піша «Наша Ніва». Затрыманыя —
Міліцыя знайшла на іх вопратцы сьляды крыві дзяўчыны. Яна лічыць, што затрыманыя маглі зьдзейсьніць забойства на фоне асабістых непрыязных адносінаў, паведамляе БелТА. Ім пагражае ад васьмі гадоў пазбаўленьня волі да сьмяротнага пакараньня.
Аднак абвінавачаньня па гэтай справе пакуль нікому яшчэ не прад’явілі — прызначана шмат экспэртызаў. Увогуле міліцыя адзначае, што гэта забойства — першае на Мядзельшчыны ў гэтым годзе. Для мясцовых праваахоўных органаў справа ўскладняецца яшчэ і тым, што забойствы, дзе вінаватага ўсталяваць адразу немагчыма, здараюцца ў раёне вельмі рэдка.