Дураў распавёў, што ФСБ просіць блякаваць апазыцыю Vkontakte, і стаў героем Рунэта

На хвалі пратэстаў, якія адбываюцца ў Расеі пасьля выбараў у Думу, свой аўтарытэт у сеціўнай супольнасьці нечакана ўзвысіў Павел Дураў — заснавальнік самай масавай сацыяльнай сеткі сярод рускамоўных Vkontakte.ru.

«Вот так и зарабатывают настоящий авторитет»,

«Ну чо, респект ему!»,

«Герой!»,

«Если все так, то Дуров реально молодец.

Уважаю».

— пішуць задаволеныя камэнтары ў Рунэце. Дагэтуль Сеціва з Дурава пераважна сьцябалася, як з чалавека якому толькі пашчасьціла своечасова скапіяваць і рэалізаваць Facebook па-руску.


Павел Дураў

Сёньня, пасьля зьяўленьня паста блогера Edvvvard настрой актывістаў рунэта да Паўла Дурава і яго сэрвіса пачынае пераходзіць у асьцярожнае захапленьне.

Мадэратар групы «РосПил - война коррупции - Алексей Навальный -» Эдуард Кот увечары 6 сьнежня заўважыў, што на сьцяне суполкі раптоўна зьнікла магчымасьць дадаваць паведамленьні і камэнтары.

На зьдзіўленьне Эдуарда Павел Дураў адказаў на яго зварот і патлумачыў, што праблема тэхнічная. Праз 20 хвілінаў пасьля звароту ў праграмнае ядро Vkontakte былі ўнесеныя зьмены, якія павялічылі ліміт на колькасьць паведамленьняў у групах — менавіта з гэтым было зьвязанае блякаваньне сьцяны «Роспила».

У перапісцы праз прыватныя паведамленьні Дураў таксама паведаміў пра звароты ў апошнія дні з ФСБ аб блякаваньні апазыцыйных групаў, аднак паводле яго словаў кампанія «Вконтакте» зьяўляецца абсалютна апалітычнай і не падтрымлівае ні ўлады, ні апазыцыю:

«Мы прынцыпова гэтага не робім. Ня ведаю, чым гэта можа скончыцца для нас, але мы стаім».

Цытаты з паведамленьняў Паўла Дурава аб яго дачыненьнях з ФСБ сёньня былі разьмешчаныя Топ-навіной на вялікай колькасьці расейскіх інфармацыйных сайтаў і выклікалі вельмі пазытыўную рэакцыю ў камэнтарах: ад асьцярожных сумневаў да захопленьня і павагі.

Скептыкі аднак сьцьвярджаюць, што калі б Vkontakte зачыніла апазыцыйныя групы, гэта б магло стаць нагодай для масавага сыходу карыстальнікаў у Facebook, у якім звароты ФСБ дакладна б засталіся без адпаведнай увагі.

vojur 14:10, 08/12/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.