За два гады выкладчык з Магілёву зарабіў на студэнтах $8 тыс.

Дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня 45 разоў парушаў закон, каб зарабіць на студэнтах. Праз гэта ён назьбіраў $8 000. У сярэднім кошт вырашэньня аднаго пытаньня ў выкладчыка складаў $300.

Магілёўскія чыноўнікі прызналі, што сфэра адукацыі выйшла на першае месца паводле ўзроўню хабарніцтва. Аб гэтым, як паведамляе БелаПАН, заявіў 7 сьнежня на пасяджэньні Магілёўскага гарвыканкама кіраўнік выканаўчай улады абласнога цэнтра Станіслаў Барадаўка.

З пачатку 2011 году ў гэтым горадзе зарэгістравана 27 карупцыйных злачынстваў. Рэкорд паставіў выкладчык аднаго з магілёўскіх унівэрсытэтаў, якога вінавацяць у 45 эпізодах злачыннай дзейнасьці. З чэрвеня 2007 году па люты 2010 дацэнт здолеў зарабіць на хабарах 8 тысячаў даляраў.

Як адзначыў на пасяджэньні гарвыканкама першы прарэктар унівэрсытэту Аляксандр Ножнікаў, з боку кіраўніцтва навучальнай установы да гэтага чалавека «быў залішні давер», што дазволіла яму доўгі час заставацца беспакараным.


У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце харчаваньня да выкладчыкаў ставяцца надта «даверліва». І яны зарабляюць на хабарах тысячы даляраў

На мінулым тыдні стала вядома аб яшчэ адной гучнай карупцыйнай справе ў беларускім унівэрсытэце. У Менску была затрыманая супрацоўніца катэдры вышэйшай матэматыкі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Паводле міліцыі, жанчына прапанавала студэнту заплаціць $300 за станоўчае рашэньне пытаньня аб здачы міжсэсійнага экзамэну па вышэйшай матэматыцы. Супрацоўніцы БНТУ цяпер пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.