Платная «генэральная рэпэтыцыя» цэнтралiзаванага тэставаньня

19.900 рублёў — менавiта столькi будзе каштаваць сёлета здача кожнага тэст-экзамена для жадаючых прайсьцi добраахвотнае цэнтралiзаванае тэставаньне.

Нагадаем, што добраахвотнае цэнтралiзаванае тэставаньне на платнай аснове «стартуе» ў Беларусi 16 красавiка. У гэты дзень будучыя абiтурыенты будуць здаваць тэст-экзамен па хiмii.

17 красавiка пройдзе добраахвотнае цэнтралiзаванае тэставаньне па беларускай мове, 23 красавiка — па матэматыцы, 24 красавiка — па замежных мовах, 30 красавiка — па расейскай мове, 7 траўня — па бiялёгii, 8 траўня — па гiсторыi Беларусi i 14 траўня — па фiзыцы.

Як паведамiлi карэспандэнту «Звязды» ў Рэспублiканскiм iнстытуце кантролю ведаў, рэгiстрацыя жадаючых здаць тэст-экзамен на платнай аснове пачнецца 1 сакавiка. 1 сакавiка пачнецца таксама i рэгiстрацыя ўдзельнiкаў абавязковага экзамена ў форме цэнтралiзаванага тэставаньня па беларускай (рускай) мове, а таксама ўдзельнiкаў цэнтралiзаванага тэставаньня па профiльнай для абранай спецыяльнасьцi дысцыплiне.

Зазначым, што абавязковае цэнтралiзаванае тэставаньне пройдзе ў Беларусi 29 траўня (па беларускай мове) i 5 чэрвеня (па расейскай). А так званае «профiльнае» цэнтралiзаванае тэставаньне будзе праводзiцца пасьля завяршэньня ў школах выпускных экзаменаў — пачынаючы з 20 чэрвеня. I абавязковае цэнтралiзаванае тэставаньне, i цэнтралiзаванае тэставаньне па адной з профiльных дысцыплiнаў праводзяцца на бюджэтнай аснове. Для ўдзельнiкаў добраахвотнага цэнтралiзаванага тэставаньня рэгiстрацыя завяршаецца за тры днi да правядзення тэст-экзамена.

Удзельнiкi абавязковага i «профiльнага» цэнтралiзаванага тэставаньня павiнны зарэгiстравацца не пазьней чым за 10 дзён да правядзеньня тэст-экзамена.

vojur 00:00, 14/02/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.082 seconds.