Мядзьведзеў прапанаваў вярнуць разьмеркаваньне для расейскіх студэнтаў
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў вярнуць прымусовае разьмеркаваньне для студэнтаў, што не плацілі за адукацыю. Ён прапанаваў увесьці яшчэ больш жорсткія ўмовы разьмеркаваньня за тыя, што існуюць у Беларусі.
Сыходзячы расейскі прэзыдэнт выступіў зь ідэяй вяртаньня прымусовага разьмеркаваньня для тых студэнтаў ВНУ, што вучыліся за кошт дзяржавы. Умовы, прапанаваныя ім, моцна нагадваюць тыя, што існуюць цяпер у Беларусі, з адным выключэньнем: адпрацоўваць выпускнікі будуць ад 3 да 5 гадоў, а не 2, як цяпер у нашай краіне.
Мядзьведзеў сьцьвярджае, што ва ўсім сьвеце адукацыя альбо платная, альбо, калі чалавек трапляе на «бюджэт», яе трэба адпрацоўваць. «Інакш абсалютна амаральная сытуацыя», — цытуе яго РІА «Навіны».
Пры гэтым ён падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра тое, каб «увесьці прыгоннае права». Бо адпрацаваць па кантракце ад трох да пяці гадоў, на яго думку, — абсалютна нармальна. Калі ж выпускнік пажадае звольніцца, яму прыйдзецца аплаціць сваю адукацыю.
Варта адзначыць, што ў адрозьненьні ад Беларусі, дзяржаўны сэктар у Расеі займае адносна невялікую долю. Таму студэнтаў збольшага будуць разьмяркоўваць у прыватныя арганізацыі.
Вярнуць прымусовае разьмеркаваньне пасьля ўнівэрсытэтаў ня раз прапаноўвалі палітыкі Расеі і Ўкраіны. Аднак Беларусь застаецца адзінай краінай сярод суседзяў, дзе існуе прымусовае разьмеркаваньне.