Рэформа вышэйшай адукацыі ў Беларусі і Балоньскі працэс

ЗБСаўцы на акцыі ЭГУГарачай навіной апошніх дзён стала абмеркаваньне праекту рэформы вышэйшай адукацыі ў беларускім парлямэнце. У розных сродках інфармацыі была агучаная вялікая колькасьць поглядаў на праблему. Выказваюцца міністры, рэктары, чыноўнікі. Прэзыдэнт у сваім камэнтары сказаў, што да абмеркаваньня рэформы неабходна прыцягваць мінадукацыі, рэктараў, выкладчыкаў, каб не атрымалася так, што “распрацоўшчыкі зробяць нарматыўныя акты і усталююць працэс “пад сябе”. Чамусьці ніхто не задумваецца пра тое, што аб гэтым думаюць студэнты. У Эўропе ужо даўно было прызнана, што цэнтрам вышэйшай адукацыі зьяўляецца студэнцтва, бо увесь працэс адукацыі накіраваны на яго і дзеля яго. Дык чаму ж у нашай краіне нікога не цікавіць, што думаюць студэнты?

Наўрад ці камэнтары двух невядомых студэнтаў, прыведзеныя ў артыкуле “Савецкай Беларусі”, могуць даць вычарпальны адказ на тое, што аб рэформе вышэйшай адукацыі думаюць студэнты. У Эўропе студэнцкія арганізацыі афіцыйна прызнаюцца партнэрамі ў адукацыйным працэсе, бо яны забясьпечваюць аддачу з боку студэнтаў, дапамагаюць знайсьці правільныя накірункі і шляхі для рэформы.

На Беларусі ж зараз стварылася сытуацыя, калі адзіная агульнанацыянальная студэнцкая арганізацыя, якая зьяўляецца сябрам Эўрапейскага студэнцкага аб’яднаньня ESIB – National Unions of Students (прызнаны раўнапраўным партнэрам у балёньскім працэсе на эўрапейскім узроўні) і, такім чынам, мае магчымасьць непасрэдна сачыць за працэсам рэформы ў Эўропе зьяўляецца забароненай у Беларусі. Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў – студэнцкая НДА, зарэгістраваная ў 1992 годзе, была пазбаўлена афіцыйнай рэгістрацыі ў 2001 годзе праз 3 месяцы пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Зараз Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў займаецца ажыцьцяўленьнем сумеснага беларуска-нэрвэскага праекту, накіраванага на распаўсюд інфармацыі пра Балёньскі працэс (працэс накіраваны на стварэньне знакамітай адзінаэўрапейскай сыстэмы адукацыі), як і пра апошнія тэндэнцыі ў агульнаэўрапейскім рэфармаваньні вышэйшай адукацыі, а таксама дзеля фармаваньня пэўнай студэнцкай пазыцыі адносна неабходнасьці рэфармаваньня вышэйшай адукацыі.

Нарвэскія студэнты, якія ўвесну будуць прымаць зьезд Эўрапейскіх студэнтаў, а таксама разам са сваім Мінадукацыі арганізоўваць 4 міністэрскую сустрэчу ў межах Балёньскага працэсу, зьяўляюцца экспэртамі-трэнэрамі для беларускіх студэнтаў. Пасьля агульнага азнаямленьня з працэсам і ходам яго ажыцьцяўленьня ў Нарвэгіі навучэнцы беларускіх ВНУ абмеркавалі хібы беларускай адукацыі і падставы для рэфармаваньня. Так як сам працэс уключае вялікую колькасьць накірункаў, у гэты раз студэнты абралі для абмеркаваньня два – сыстэма ацэнкі якасьці вышэйшай адукацыі і навучальнае асяродзьдзе. Гэтым накірункам будзе прысьвечаны наступны сэмінар-трэнінг.

У надыходзячым сэмэстры плянуюцца сустрэчы са студэнтамі, якія будуць праведзеныя удзельнікамі праекта, а таксама заключная канфэрэнцыя, вынікам якой стануць студэнцкія прапановы да рэформы вышэйшай адукацыі.

На жаль, на дадзены момант студэнты могуць выказваць сваю думку толькі праз напаўлегальныя сэмінары і канфэрэнцыі. Тым не менш, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў будзе працягваць сваю дзейнасьць па распаўсюдзе інфармацыі пра тэндэнцыі ў вышэйшай адукацыі за мяжой і працаваць на карысьць далучэньня Беларусі да адзінай Эўрапейскай сыстэмы, а таксама агучваць думку беларускіх студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.481 seconds.