Агульны сход не прыняў новага статуту Акадэміі Навук

Агульны сход Нацыянальнай акадэміі навук не зацьвердзіў новага статуту акадэміі. Прычынай гэтаму сталася адсутнасьць кворуму, неабходнага для прыняцьця такога рашэньня. Плянуецца, што гэтае пытаньне будзе перанесенае на разгляд другога агульнага сходу НАН, які мае адбыцца ў красавіку.

Па завяршэньні сходу многія навукоўцы падыходзілі да колішняга кіраўніка Акадэміі Аляксандра Вайтовіча й віншавалі яго зь перамогай.

Менавіта ён прапанаваў адмовіцца галасаваць па пытаньні прыняцьця новай рэдакцыі статуту, як непрымальнай і скіраванай на падаўленьне акадэмічных правоў і свабодаў.

Адным з прыхільнікаў гэтай прапановы Вайтовіча стаў член-карэспандэнт Васіль Несьцярэнка. Вось што ён сказаў у інтэрвію Свабодзе:

(Несьцярэнка: ) “Я задаволены, што правалілі гэтыя дурацкія прапановы. Я думаю, што так і будзе. Правільна акадэмікі зрабілі, што адпрэчылі”.

Прыняцьцё новай рэдакцыі статуту ініцыявала кіраўніцтва Акадэміі на чале зь Міхаілам Мясьніковічам, і гэтае пытаньне было асноўным у парадку дня сходу.

Паводле новага статуту, ў Акадэміі ўводзіцца кантрактная сыстэма, агульным сходам і праз адкрытае галасаваньне абіраюцца акадэмікі ды член-карэспандэнты, навукоўцам забараняецца займацца палітычнай дзейнасьцю.

Многія прысутныя навукоўцы падтрымалі прапанову спадара Вайтовіча заблякаваць гэтую ініцыятыву. Старшыня прэзыдыюму Акадэміі Міхаіл Мясьніковіч загадаў удакладніць наяўнасьць кворуму й выявілася, што неабходнай колькасьці ўдзельнікаў для галасаваньня няма. Пракамэнтаваць гэтую сытуацыю беларускай Свабодзе спадар Мясьніковіч адмовіўся, але паводле навукоўцаў, ён таксама застаўся задаволены гэткім вынікам. А вось як пракамэнтаваў вынік сходу Аляксандр Вайтовіч.

(Вайтовіч: ) “Лічу, што навукоўцы разумеюць што да чаго. Яны гэтага ня хочуць, але іх ломяць і круцяць”.

Паводле спадара Вайтовіча, магчыма, што гэтае пытаньне кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук прапануе на паўторны разгляд навукоўцаў. Дадатковы агульны сход Акадэміі мае прайсьці вясной.

Нагадаем, што напярэдадні агульнага сходу 37 акадэмікаў і 33 член-карэспандэнты, у тым ліку тры былая прэзыдэнты НАН накіравалі Аляксандру Лукашэнку й ураду ліст пратэсту супраць праекту новага статуту. Яны заяўляюць, што з прыняцьцём новага статуту Акадэміі, беларускай навуцы пагражае канчатковы заняпад.

Радыё Свабода

00:00, 03/02/2005
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.