Панкі выпрабавалі трываласьць клюба Re:public

«Угар і трэш» — гэта калі ў двух словах аб канцэрце «Дай Дарогу!». Пэўна ніякі іншы беларускі калектыў цяпер не можа так разбухторыць спакойнае і стабільнае жыцьцё беларускай сталіцы. Такі ажыятаж выкліча хіба выступ Міхалка і кампаніі, але падобна, што «Ляпісаў» на Радзіме мы ўбачым ня хутка. Такім чынам, аб усім па парадку.

«Три поросенка» ў Re:public

Сам клюб, для тых, хто там ніколі ня быў, знайсьці не складала вялікай працы. Ужо пасьля выхаду з мэтро было відаць куды накіроўваюцца чалавечыя патокі. Станавілася зразумела, што аншляг непазьбежны. У гэты вечар менскую моладзь можна было падзяліць на дзьве ўмоўныя групы: тыя каму пашанцавала і тыя каму не дастаўся квіток. На сваёй памяці я не ўзгадаю ні аднаго надпісу на касе «Усе квіткі прададзеныя!» Шчасьлівыя ўладальнікі квіткоў штурхаліся ў велізарным натоўпе перад уваходам у чаканьні праходу. Зрэшты, іх менш ўдалыя калегі знаходзіліся тут жа ў надзеі прасачыцца ва ўнутр. Паўгадзіны і пад дружны роў: «Дай Дарогу!» і «ШОС» я быў унесены ў памяшканьне клюба.

Сам клюб мне нагадаў культавае месца сярэдзіны 90-х «Три поросенка». Алькагольнае бязьмежжа ды распуста. Увогуле, усё што трэба для выдатнага баўленьня часу.

15 хвілін кіналекторыя

Заля ўжо разыходзілася па бэтонных швах, а народ усё прыбываў. Са сцэны калектыў пад назвай «9 миллиметр» дзякаваў кагосьці за прысутнасьць у нашым жыцьці Аляксея Хлястова праз аднайменную песьню. На жаль, больш паслухаць гэты калектыў не ўдалося, бо песьня была апошняй. Далей выйшла група «Блины», якой давялося ўгаворваць публіку паслухаць сваю творчасьць. Заля настойліва прасіла (гм ... патрабавала) неадкладна «даць дарогу» наступнаму гурту.

Разагрэў мне нагадаў паказ фільмаў у савецкіх кінатэатрах, дзе перад пачаткам кіно неабходна было адглядзець хвілін пятнаццаць абавязковага кіналекторыю тыпу часопіс «Фитиль або «Хачу всё знать», а ўжо потым смачнае. З аднаго боку гэта нават добра: ёсьць час наведаць мясцовы бар, якіх там аказалася два. Цэньнік праўда непрыемна зьдзівіў. Перад адкрыцьцём клуб пазыцыянаваўся як месца для моладзі і студэнтаў, аднак піва па 18000 дазволіць сабе могуць ня ўсе.

Тым часам «Блины» скончылі рваць мне сэрца і нэрвы і вызвалілі сцэну для тых, каму яна ўласна ў гэты вечар і была прызначана. А перад сцэнай прайсьці было ўжо проста немагчыма. Маса народу перавышала здольнасьці не такога ўжо і маленькага танцполу. Нейкія чувакі, мабыць сьпіздзіўшы па дарозе на канцэрт расьцяжку з надпісам «Скидки», накрэмзалі на адваротным баку надпіс «Дай Дарогу». Атрымаўся неблагі транспарант. А вось група скідак рабіць нікому не зьбіралася.

«День-ночь ... Два дня кома!»

«Fender ваты не катает» — заявіў са сцэны Юрый Стыльскі і тут пачаўся сапраўдны трэш і чад. Першая песьня прагучала даволі сымбалічна «— и продолжается все это каждый день из года в год…».Сапраўды хочацца такіх канцэртаў пабольш і часьцей. А затым было тры музычных блёка, якія Стыльскі ўмоўна падзяліў на каханьне, баевікі ды нешта яшчэ (прабачце людзі добрыя не памятаю))). Хоць я б назваў проста-баевікі.

«Штосьці вас не чуваць ... » — сказаў франтмэн пасьля першага баевіка і відавочна схітраваў. Кожная песьня была мега-гітом і выконвалася хорам. «Тома», «Пятая палата», «Марьиванна», «Нет тебя нигде», «Столовая» ... Тым часам, прысутным перад сцэнай стала настолькі горача, што над галовамі паляцела адзеньне. Здаецца ня ўсе змаглі пайсьці дадому ва ўсім у чым і чым прыйшлі, бо па падлозе таксама былі раскіданыя кавалкі абутку.

«ДД» гралі ўжо паўгадзіны, а чарга перад клюбам не памяншалася, публіка ўсё прыбывала ды прыбывала. Месцы перад сцэнай ўжо усім не хапала, і народ хутка стаў гронкамі зьвісаць з самай сцэны, а пазьней і наогул сцэна стала другім танцпляцам. Тым часам самыя дзёрзкія нават не маючы квіткоў неяк дамаўляліся з кімсьці на ўваходзе клюба і ўсё ж траплялі на канцэрт.

Вось ужо сапраўды: «День-ночь ... Два дня кома!». Прыемна зьдзівіла ахова, якая за ўсім гэтым бязьмежжам (па беларускіх мерках) назірала абыякава і ў працэс не ўмешвалася. А працэс доўжыўся каля дзьвюх гадзінаў. І на працягу гэтых гадзін публіка і музыканты былі адзіным цэлым.

А на завяршэньне адбылася звычайная фігня:

— А цяпер звычайная фігня. Мы сыходзім, вы крычыце «Дай Дарогу!». Толькі ўсё гэта панты. Мы пайшлі, мы прыйшлі і граем « Бытовуху», «Боли нет» і «Привет родителям» -паабяцаў франтмэн і выканаўшы гэтыя абяцаныя тры песьні канчаткова выключыў якія-небудзь эмоцыі ва ўсіх прысутных.

Ужо потым на выхадзе з клюба я зьвярнуў увагу на тое, што калі ў публікі перад пачаткам канцэрту было энэргіі хоць адбаўляй, то ўжо пасьля, сіл засталося хіба што да мэтро дайсьці.

Пасьля канцэрту Юрый Стыльскі яшчэ хвілін сорак раздаваў аўтографы проста на сцэне. У працэсе таксама адказаў на пару маіх пытаньняў.

— Юра, якія ў цябе ўражаньні аб сёньняшнім канцэрце?

— Ды якія яшчэ могуць быць ўражаньні? Тут усё зразумела. Усё было выдатна.

— Ну ў Менску такія аншлягавыя канцэрты адбываюцца вельмі рэдка.

-Ой. Ну гэта проста камплімэнт нейкі быў ... ..

— Які ж камплімэнт? Мінулы канцэрт у R-clube прайшоў падобным чынам, калі клюб бралі штурмам.

— Ды я памятаю, гэта быў таксама даволі ўгарны канцэрт. Цяпер я не ведаю што там было, мы яшчэ не глядзелі відэа. А мяркуючы па сёньняшнім канцэрце, як народ рэагаваў, было даволі прыемна, мы проста мяняліся энэргіяй, гэта было крута.

— На сёньняшні момант група «Дай Дарогу» напэўна ці не адзіная ў Беларусі здольная сабраць на канцэрце такую поўную залю. На ДД ідуць ўсё.

— Ай. Гэта таму, што мы… чэсныя,.. бля!)) (Голас з залі: — Юра! Мы цябе любім!)

— А як вы ставіцеся да народнай любові?

— Ну як? Гэта прыкольна. Я праўда ня той чалавек, які б сказаў: «Так я круты» і, блін, неяк харахорыўся. Я звычайны, я такі ж як і ты, такі ж як і ён, ці яна. Таму гэта не мне судзіць.

—Але ўсё ж Юра Стыльскі круты?)

— Ці круты я? Канешне! ))

Чарговы менскі канцэрт ДД прайшоў на ўра. Застаецца толькі радавацца і чакаць. Радавацца таму, што ў Беларусі ёсьць група такога ўзроўню, здольная зьбіраць такія аншлягі. І чакаць яе наступнага выступу.

-- 

Болей здымкаў з канцэрта ў фотарэпартажы «Дай дарогу!» у клюбе «Re:public».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.