У Менску адчынілася фотавыстава «З табурэтам праз кантынэнты»

Падарожнікі, за прыгодамі якіх цягам году сачыла беларускае Сеціва, адчынілі ў Менску сваю першую выставу фотаздымкаў. Эпіграфам да яе аўтары нечакана абралі словы А. Лукашэнкі.

У анонс выставы вынесеныя словы

«Чалавек, адпрацаваўшы свой працоўны час, мае права ў пэўных месцах, дома, як у сапраўднай дэмакратычнай дзяржаве, выказваць свой пункт гледжаньня, і ніхто не мае права гэтаму перашкаджаць». А.Р. Лукашэнка.

Так гістарычна склалася, што для нас, беларусаў, ледзь не адзінае «пэўнае» месца, дзе можна вольна выказваць свае думкі, — не галоўная плошча гораду, не унівэрсытэцкая аўдыторыя, не студыя тэлеканала, а кухня. Воляю лёсу самыя шчырыя размовы ў нас адбываюцца менавіта там. 

Седзячы за кухонным сталом на зэдліку, чалавек марыць услых ды не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Ён марыць знайсьці працу, прызнацца ў каханьні, зьмяніць прэзыдэнта, паехаць да акіяну. 

І калі кухня, такім чынам, — беларуская плошча свабоды, то статуя гэтай свабоды — табурэт. А каб быць свабодным не толькі на кухні, трэба узяць табурэтку з сабой і пайсьці. Куды? Туды, дакуль можна ісьці. На край сьвету. 

«З табурэтам да акіяну» — так называецца творчая экспэдыцыя, якая цягнулася роўна год. За гэты час удзельнікі экспэдыцыі з Беларусі, Расіі ды Украіны праехалі аўтаспынам і прайшлі пешшу каля 30 тысячаў кілямэтраў, наведалі 14 краінаў (ЗША, Мэксыка, Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама, Калумбія, Эквадор, Перу, Балівія, Бразылія, Аргентына, Чылі), пазнаёмілі іх жыхароў са сваёй нацыянальнай культурай. І пакінулі табурэтку на краі зямлі - ля самага паўднёвага горада сьвету - Ушуая (Вогненная Зямля, Аргентына), пашырыўшы такім чынам межы сваёй свабоды на адлегласьць двух кантынэнтаў. 

Выстава «З табурэтам праз кантынэнты» — падборка самых яскравых момантаў падарожжа, застыглыя фрагмэнты экспэдыцыі, якія з дапамогаю невялікага тэкставага апісаньня перанясуць вас за акіян. Яны пазнаёмяць вас з людзьмі, якіх падарожнікі сустрэлі на сваім шляху; з гарадамі і вёскамі, праз якія ляжаў іх шлях; са свабодаю, якую яны набылі за гэты год. 

Выстава будзе працаваць да 18 лістапада ў малой залі Галерэі «Ў». Адкрыцьцё таксама адбывалася ў малой залі, але ўсе госьці туды аніяк не траплялі, у выніку ўрачыстасьць перасунулася ў вялікую залю. Таму за сьпінамі герояў-вандроўнікаў на фотаздымках з адкрыцьця іх выставы вісяць карціны зь іншай гучнай экспазыцыі галерэі «Ў».

Фотарэпартаж з адкрыцьця


Аўгінія Манцэвіч і Ўладзіслаў Юркоў

23:40, 18/10/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0863 seconds.