ЗША спрашчаюць для замежных студэнтаў візавы рэжым і працэдуру міграцыі
Злучаныя Штаты запускаюць праграму Study in the States, мэтай якой стане прыцягненьне як мага большай колькасьці таленавітых замежных студэнтаў ва ўнівэрсытэты гэтай краіны. Таксама амэрыканцы імкнуцца заахвоціць гэткіх навучэнцаў застацца працаваць у ЗША і адкрываць там уласную справу.
Праграму пад назовам Study in the States (Вучыцеся ў Штатах) распачалі зь ініцыятывы сакратаркі нацыянальнай бясьпекі ЗША Джанэт Напалітана і дырэктара іміграцыйнага і мытнага кантролю Джона Мортана.
«Прыцягненьне лепшых і самых яркіх замежных талентаў у нашы каледжы і ўнівэрсытэты зьяўляецца важнай часткай нацыянальнай эканомікі, інавацыйнай палітыкі, а таксама канкурэнтаздольнасьці ЗША», — сказала Джанэт Напалітана, дадаўшы, што праграма дасьледаваньняў у ЗША ёсьць важным крокам у пашырэньні магчымасьцяў новага пакаленьня міжнародных прадпрымальнікаў у Амэрыцы.
У амэрыканскіх унівэрсытэтах, а таксама па праграмах абмену і падрыхтоўкі кадраў, праходзяць навучаньне болей за 1.1 мільёны чалавек бяз права іміграцыі, піша газэта ДЕЛО.
У межах новай ініцыятывы будзе вывучаная магчымасьць зьмены заканадаўства, пашыранае супрацоўніцтва паміж урадам і навуковымі коламі, а таксама запрацуе цэнтральны інфармацыйны інтэрнэт-цэнтар Дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі і яго партнэраў, які забясьпечыць цяпершаніх і будучых студэнтаў сьвежай інфармацыяй аб візавых патрабаваньнях ў спрошчаным рэжыме.
«Праграма Study in the States заахвочвае замежных студэнтаў, якія шукаюць адукацыйных магчымасьцяў у ЗША, каб застацца тут пасьля навучаньня і ужыць свае новыя веды ў нас у краіне», — сказаў Джон Мортон.
Між тым яшчэ болей магчымасьцяў зьявілася і для абітурыентаў-нелегалаў, у тым ліку беларусаў, што жадаюць вучыцца ў амэрыканскіх унівэрсытэтах у штаце Каліфорнія. Цяпер ім дазволілі атрымліваць дзяржаўныя гранты на адукацыю, а таксама грашовую дапамогу ў дзяржаўных ўнівэрсытэтах, піша «Камсамольская праўда».
«California Dream Act» (так завецца закон, які паляпшае магчымасьці нелегальных студэнтаў у Каліфорніі) распаўсюджваецца не на ўсіх студэнтаў, а толькі на тых, што вучыліся ў амэрыканскіх школах ня меней за трох гадоў і пражылі ў ЗША ня меней як пяць гадоў, каб атрымаць магчымасьць прэтэндаваць на грамадзянства гэтай краіны.
Раней у гэтым годзе Дэпартамэнт нацыянальнай бясьпекі абвясьціў аб тым, што замежныя студэнты, якія атрымалі дыплём у галіне тэхналёгій, інжынэрыі і матэматыкі змогуць застацца ў ЗША па праграме дадатковага практычнага навучаньня на тэрмін да 29 месяцаў пасьля заканчэньня навучальнай установы.