Дні адчыненага гаўбца ў студыі «Адліга»

Студыя дызайну «Адліга» адчыніла дзьверы сваёй творчай майстэрні — інакш офіс не назавеш — і паказвае ўсім званым і нязваным гасьцям свае працы за апошнія некалькі гадоў. Паглядзець выставу альтэрнатыўнага плякату, памацаць дызайнэрскія натхняльнікі ды набыць тое, што яшчэ не распрададзена, можна ў самым цэнтры Менску.

23 верасьня ў офісе «Адлігі» прайшло адкрыцьцё выставы «Ўваход праз дызайн». Выхад, адпаведна, праз «сувэнірную крамку». Лёгка ўгадваецца сьмелая аналёгія з нашумелым фільмам культавага стрыт-мастака Бэнксі «Выхад праз сувэнірную крамку». Толькі каб паглядзець на адлігаўскія творчасьці, залазіць давядзецца наўпрост праз гаўбец.

«Усё-ткі, Адліга — гэта не бізнэс. Мы можам сабе дазволіць жыць і тварыць у задавальненьне. Таму глядзець нашы працы радасна і ненапружна», — казаў напярэдадні адкрыцьця выставы Артур Вакараў, мастацкі кіраўнік студыі. Ці не перашкаджаюць працы супрацоўнікаў натоўпы арт-турыстаў, даведаемся праз два тыдні, на закрыцьці адчыненых дзьвярэй студыі. А пакуль сьцены маленькага офісу «Адлігі» шчыльна аздобленыя калекцыямі дызайнэрскіх маек, плякатамі ды калдырскімі авоськамі «Алкашкі» — новая калекцыя торбаў ад студыі. Там жа ж можна і набыць усё, што спадабалася: ад гаманцоў і паштовак да цішотак і алкашак. «Альтэрнатыўны беларускі сацыяльны дызайн існуе» — такі мэсыдж укладаюць «адлігаўцы».

Вольна залезьці ў офіс «Адлігі» на выставу можна да 7 кастрычніка. Адрас: пр-т Незалежнасьці 37а. Арыентыр: пянёк з ружовай стрэлкай пад гаўбцом. Для аматараў пасноўдацца на адкрыцьцях-закрыцьцях культурных падзеяў варта занатаваць дзьве даты: 1 кастрычніка ў 19.00 там жа пройдзе шумная барахолка зорных сяброў студыі, а 6 кастрычніка а 19.00 — закрыцьцё ці завяршэньне дзён адчыненых дзьвярэй ці гаўбца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0085 seconds.