Фэст «Тэатральны куфар» стаў платным
На спэктаклі папулярнага фэсту студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар» сёлета ўпершыню не атрымаецца прайсьці бясплатна. Уваход на ўсе 29 пастаноў, што пакажуць у межах фэсту трупы з дзесятку краін сьвету, будзе платным. Тэатральны тыдзень распачнецца 25 верасьня ва ўнутраным дворыку БДУ.
Адкрыцьцё фэсту «Тэатральны куфар» арганізатары называюць грандыёзным: у нядзелю, 25 верасьня ля галоўнага корпусу БДУ адбудзецца сьвята «Куфар-Град» з удзелам дзесяткаў актораў з розных краін сьвету, а таксама конкурсамі і пэрформансамі. Цэнтральнай падзеяй стане выступ польскага «Бія-аб’екту» (г. Люблін), якое на 4 гадзіны аб’яднае музыку, архітэктуру, тэатар і харэаграфію.
Але найбольшы сюрпрыз, які падрыхтавалі арганізатары для гледачоў, ужо вядомы: фэст упершыню стане платным.
Доўгія гады «Тэатральны куфар» заставаўся бясплатным фэстам. Ад чаго на многія спэктаклі, найперш на расейскай і беларускай мовах,
Цяпер удзел у фэсьце стаў платным. Набыць квіткі па 10 тысячаў рублёў (у незалежнасьці ад месца ў залі) можна ў Інтэрнэце.
У астатнім фэст захаваў традыцыйныя рысы: у межах яго як і раней пройдзе конкурс, які будзе ацэньваць незалежнае журы па намінацыях «Лепшая актрыса», «Лепшая актрыса другога пляну», «Лепшы актор», «Лепшы актор другога пляну», «Лепшая рэжысура» і «Лепшая сцэнаграфія».
Крыху больш беларускі, чым летась
«Тэатральны куфар» амаль ня можа парадаваць беларускага гледача роднай мовай: з 13 спэктакляў фэсту ад трупаў зь Беларусі толькі два пройдуць на беларускай мове. Гэта пастаноўка «Афарызм» па творах Уладзіміра Караткевіча ад тэатра БДПУ і «Ігрышча» па матывах іншага клясыка Якуба Коласа, які будуць граць студэнты БДТУ.
Зрэшты, і гэта ўжо прагрэс: папярэднія два гады беларускі студэнцкі фэст дзіўным чынам абыходзіўся цалкам без беларускамоўных спэктакляў.
Праграму можна падгледзіць на афіцыйнай старонцы фэсту.