БДУ і ВУ супрацоўнічаюць
17 студзеня адбылося падпісаньне Дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэтам і Варшаўскім Унівэрсытэтам, якая прадугледжвае шырокія супольныя навуковыя дасьледаваньні ня толькі паміж беларусістыкамі абодвух унівэрсытэтаў, але таксама паміж катэдрамі іншых галінаў, як, дапусьцім філясофія ці дакладныя навукі. Дамову падпісалі рэктары абодвух унівэрсытэтаў: прафэсар Васіль Стражаў з БДУ і прафэсар Пётр Вэнгленьскі з ВУ.
Пасьля адбылася сустрэча са студэнтамі й навуковымі супрацоўнікамі Катэдры Беларускай Філялёгіі Варшаўскага Ўнівэрсытэту, на якой беларускі бок – апрача рэктара В.Стражава – прадстаўлялі: прарэктар па міжнародных сувязях прафэсар Уладзімір Астапенка, дэкан Катэдры Філясофіі і Грамадзкіх Навук БДУ прафэсар Анатоль Зелянкоў, Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы Павал Латушка ды дарадца Амбасады Мікалай Пятровіч.
На сустрэчы абмяркоўваліся магчымасьці супольных дасьледаваньняў польска-беларускага моўнага памежжа й літаратурных сувязяў. Рэктар В.Стражаў гаварыў пра рэструктурызацыю сыстэмы навучаньня ў Беларусі. Амбасадар П.Латушка прадставіў польска-беларускае супрацоўніцтва ў шырэйшым кантэксьце, у прыватнасьці, гаварыў пра дамову ў галіне культуры ды пра Дні Беларускай Культуры, правядзеньне якіх заплянаванае на восень б.г. Студэнтаў, зразумела, найбольш цікавілі магчымасьці паездкі на навучаньне ў Беларусь, таму што падпісаная дамова прадугледжвае таксама абмен студэнтаў.
Пасьля гэтай сустрэчы КБФ ВУ ўзбагацілася цудоўна выдадзеным у 2002 годзе Нацыянальным Атлясам Беларусі, які ўручыў катэдры амбасадар П.Латушка.
Госьці зь Беларусі заўтра наведаюць польскія міністэрствы, між іншым, сустрэнуцца з намесьнікам міністра нацыянальнай адукацыі й спорту прафэсарам Тадэушам Шульцам.