IT-кампаніі: унівэрсытэты не даюць патрэбнай адукацыі, але і вучыць няма каго

Па словах прадстаўнікоў IT-кампаній, узровень падтрыхтоўкі беларускіх абітурыентаў падае штогод, унівэрсытэты ня могуць прапанаваць спэцыяльнай ці фундамэнтальнай падрыхтоўкі, ад чаго 80% выпускнікоў не валодаюць ні сьпелым мысьленьнем, ні псыхалягічнай устойлівасьцю, ні гнуткасьцю адзнакаў. А між тым IT-спэцыяльнасьці — адны з найбольш запатрабаваных у краіне.

Як заявіў 30 жніўня на круглым стале ў Менску намесьнік дэкана Факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня БДУІР Максым Пачабут, самая вострая праблема галіны высокіх тэхналёгій — падзеньне ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў, што выклікана пагаршэньнем якасьці школьнай адукацыі. У выніку першакурсьнікі меней падрыхтаваныя да сьвету агулам, а ўнівэрсытэтам прыходзіцца спрашчаць праграмы навучаньня

На думку экспэртаў кампаній працадаўцаў, 80% студэнтаў не валодаюць ні сьпелым мысьленьнем, ні псыхалягічнай устойлівасьцю, ні гнуткасьцю адзнакаў. Выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў адзначылі, што сёньня ВНУ ня ў стане даць студэнтам неабходны для рынкавых умоў аб’ём прыкладных ведаў, а таксама падкрэсьлілі, што асноўная задача навучальных устаноў складаецца ў навучаньні студэнтаў лягічна думаць і бачыць пэрспэктывы, пакідаючы прыкладной аспэкт на другім месцы.

Разам з тым, нягледзячы на вялікую патрэбу кампаній у праграмістах, кваліфікаваныя спэцыялісты працягваюць зьяжджаць за мяжу. Таму выкладаць ва ўнівэрсытэтах папросту няма каму.

Па словах намесьніка дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандра Марцінкевіча, цяпер у Беларусі каля 20 тысячаў чалавек працуе ў IT-галіне (па іншых дадзеных 25 тысячаў). Гэта каля 0.5% працаздольнага насельніцтва. У той жа час, на думку намесьніка дырэктара ПВТ, у беларускіх кампаніях, якія займаюцца высокімі тэхналёгіямі, маглі б працаваць каля 100 000 чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0839 seconds.