Пра духоўных інвалідаў у сацсетках і перадавую вытворчасьць новага электарату

На пэдагагічнай нарадзе, якая праходзіла 29 жніўня ў Менску, Лукашэнка і яго чыноўнікі шмат нагаварылі пра студэнтаў і адукацыю. Дзейнаму кіраўніку краіны не падабаюцца высновы, якія робіць моладзь, параўноўваючы сытуацыю ў Беларусі і за мяжой. Не падабаецца тое, што студэнты вывучаюць, і чаму так доўга. Не падабаюцца настаўнікі, якія не закладаюць у падрастаючае пакаленьне цьвёрды ідэйны і маральны стрыжань.

Пра новыя зьмены, якія чакаюць беларускую сыстэму адукацыі (якую чарговы раз абяцаюць болей не рэфармаваць) — у нашым аглядзе паведамленьняў інфармацыйных агенцый.

Пра сацыяльныя сеткі і зброю

«Асаблівай увагі з боку пэдагогаў і бацькоў патрабуюць пытаньні кантакту моладзі ў інтэрнэце, і ў першую чаргу — у так званых сацыяльных сетках». Лукашэнка усіх папярэдзіў, што «ў руках злачынцаў яны здольныя стаць небясьпечнай зброяй, у чым на ўласным сумным досьведзе пераканалася не адна эўрапейская краіна».

Доступ ў Інтэрнэт у школах і ВНУ будзе «ўзяты пад кантроль».

-25%

Час навучаньня ў ВНУ прапанавана зьменшыць на чвэрць. На думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта мусіць быць зроблена за кошт скарачэньня гуманітарных прадметаў, якія «дублююць адзін аднаго, а таксама школьную праграму». Лукашэнка прапанаваў падумаць над увядзеньнем інтэграванага курсу «Вышэйшае грамадазнаўства», які навучыць эканоміцы, сацыялёгіі, праву і заадно духоўнаму жыцьцю сучаснага грамадзтва.

У гэтым жа выступе Лукашэнка адзначыў, што «ніякіх рэзкіх узрушэньняў і ломак больш не будзе» і «ліміт рэформаў у сфэры адукацыі вычарпаны».

Пра беларускія ВНУ ў міжнародных рэйтынгах

Аляксандар Лукашэнка распавёў, што бачыў беларускія ВНУ ў «прэстыжных міжнародных рэйтынгах». І разьлічвае выкарыстоўваць «гэты патэнцыял» для экспарту адукацыйных паслуг.

Пра перадавую вытворчасьць

«Павінна ажыцьцяўляцца максымальная інтэграцыя адукацыі, навукі і перадавой вытворчасьці. Падрыхтоўка спэцыялістаў ня можа лічыцца поўнай без працяглай практыкі на працоўных месцах».

«Трэба перагледзець праграмы ВНУ і ў большай ступені зарыентаваць іх на практыку. Думаю, першыя 2-3 гады студэнт павінен лічыцца ва ўнівэрсытэце і навучацца там, а апошнія 2 гады — лічыцца ва ўнівэрсытэце, а вучыцца на вытворчасьці», — разважаў А. Лукашэнка на нарадзе выкладчыкаў.

Пра духоўных інвалідаў і новы электарат

Аляксандар Лукашэнка заклікаў разьвітацца з настаўнікамі, якія робяць дзяцей «духоўнымі інвалідамі».

«На жаль, сёньня некаторыя настаўнікі і выкладчыкі не грэбуюць ператвараць аўдыторыю ў палітычны клюб, выкарыстоўваюць сваё становішча для прапаганды антыграмадзкіх, а часам і глыбока амаральных ідэй. Мы гэтага дапусьціць не можам. З падобнымі пэдагогамі трэба без шкадаваньня расставацца. Вучоба не павінна рабіць інтэлектуальных і духоўных інвалідаў».

«Новы электарат, які вырас ва ўмовах адкрытасьці нашага грамадзтва, параўноўвае замежную рэчаіснасьць зь беларускай і часьцяком робіць пасьпешныя, часам памылковыя высновы», — паскардзіўся кіраўнік дзяржавы двум тысячам настаўнікаў, якіх 29 жніўня зьбіралі на нараду ў Палацы Рэспублікі .

Уні Вера 23:50, 29/08/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2916 seconds.