У галерэі «Ў» паказваюць штодзёньнік

На сьцяну галерэі, прызначаную для дэманстраваньня канцэптаў ад маладых мастакоў, зьмясьцілася толькі 30 дзён з праекту журналісткі Тацяны Прудзіньнік «365 дзён сябе». Але задума ясная. Творца задумалася, што за штодзённымі падзеямі ня бачыць сябе. І пачала «фіксаваць» сябе штодня.

Міні-выстава стала трэцяй з шасьці канцэптаў, якія выйшлі ў фінал конкурсу галерэі «Ў» і кампаніі velcom — Smart Art. Публіка ўжо азнаёмілася з задумай «творцаў, якія любяць навуку крыху больш за мастацтва», а таксама з праектам у стылі камунікатыўнага мастацтва, дзе гледачы наўпрост ўплываюць на выніковы твор. Праект «365 дзён сябе» куратар конкурсу Сяргей Шабохін называе «інтымнай калекцыяй».

Кожны дзень аўтарка працаў Тацяна Прудзіньнік фіксуе для сябе здымкам на тэлефон ці смартфон, дадае зразумелы сабе камэнтар ды пакідае нейкую памятную рэч: касэты, каменьчыкі, акуляры, дробныя цацкі ды іншае.

«Праект нарадзіўся выпадкова ў спрэчцы з калегамі. Мы размаўлялі пра тое, што журналісты – гэта такія людзі, якія жывуць чужым жыцьцём. Яно штодзённа складаецца з чужых словаў, думак, фотаздымкаў. І потым ты сам ня памятаеш, што ты рабіў у пэўны канкрэтны дзень. Можаш памятаць людзей, зь якімі сустракаўся, пэрсанажаў, аднак сябе ня памятаеш. Ды й ня толькі журналісты ня памятаюць сябе. Думаю, і вы не ўзгадаеце, што елі на абед пазаўчора. Я падумала, чаму б не фіксаваць некаторыя падзеі свайго жыцьця і крыху відазьмяняць іх. Тут я абрала 30 самых цікавых дзён, якіх я пражыла», — распавяла аўтарка, зрабіўшы на завяршэньне здымак прысутных гасьцей — як сьведчаньне яшчэ аднаго свайго дня.

Пазнаёміцца з 30 днямі з жыцьця журналісткі Тацяны Прудзіньнік можна ў галерэі да 8 верасьня. Далей на пляцоўцы будзе прадэманстравана яшчэ тры канцэпты. Лепшы з усіх шасьці атрымае магчымасьць правесьці ў галерэі «Ў» паўнавартасную «дарослую» выставу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0798 seconds.