ТОП-5 студэнцкіх мэтадаў заробку

Калі адпачынак яшчэ ня скончаны, а да навучаньня — далёка, у студэнтаў заўжды ёсьць магчымасьць крыху зарабіць. Адпаведна з апошнімі тэндэнцыямі на рынку працы і дасьледаваньнямі хэдхантэраў мы вызначылі пяць найбольш верагодных месцаў заробку для беларускіх студэнтаў.

Улетку на сайтах, якія прапануюць пошук працы, зьяўляецца па 30–40 абвестак, на якія можа прэтэндаваць студэнт, што раней ня меў вопыту працы. Прыкладна трэцяя іх частка падыдзе любому: ні ўмець праграмаваць, ні кіраваць, ні, тым больш, лічыць рахункі для гэтых працаў ня трэба.

Кур’ер

У залежнасьці ад таго, што і колькі разносіць, зарабіць можна да 450 даляраў. Графік свабодны, але заказы трэба прыносіць своечасова. Сыстэма справаздачнасьці строгая, і яшчэ цяжэйшая сыстэма штрафаў: несвоечасовая дастаўка замовы, спазьненьне, незадаволенасьць кліента — усё караецца матэрыяльна. Круг фірмаў, сярод якіх запатрабаваныя кур’еры, сёньня досыць шырокі — гэта інтэрнэт-крамы, рэстарацыі, рэклямныя агенцыі і многія іншыя кампаніі сфэры паслуг.

Падсобны рабочы-грузчык

Спэцыяльнасьці грузчыка, рознарабочага ці прыбіральшчыка будаўнічага сьмецьця не патрабуюць ніякай навукі, акрамя фізычнай моцы. Затое могуць прынесьці нядрэннае падмацаваньне для стыпэндыі. «Шматпрофільны цэнтар для садзейнічаньня павышэньню занятасьці моладзі «Моладзевая сацыяльная служба», што працуе пры падтрымцы ЕС-ПРААН-ЮНІСЕФ, якраз створаная, каб дапамагаць моладзі шукаць падобныя вакансіі. Шкада, для дзяўчат у службе прапановаў пакуль малавата.

Дарэчы, гэтая ж сацыяльная служба абяцае дапамагчы заснаваць уласную справу. Нават месца пад першы офіс абяцаюць здаць па льготнай стаўцы.

Афіцыянт

Праца для тых, хто, прабегаўшы ўвесь дзень на нагах, здольны знайсьці ў сабе сілы, каб ўсьміхацца кожнаму кліенту. Заробак звычайна невысокі, затое шмат можна атрымаць праз чаявыя. Да крызысу афіцыянткі за вечар гэткім чынам маглі атрымаць да 200 даляраў. Цяпер, праўда, як кажуць супрацоўнікі рэстарацый, пра тыя сумы прыгадваюць з сумам: маўляй, за вечар і 50 тысячам будзеш рады.

Асобная справа — праца ў McDonald’s. Грошы прыкладна тыя ж самыя, што і ў звычайных рэстарацыях, толькі без чаявых і больш жорсткім графікам. Патрабуюць шмат, плацяць мала. У Расеі McDonald’s нядаўна нават абвінавацілі ў эксплуатацыі дзяцей: хлопцы і дзяўчыны да 18 гадоў выконвалі шкодную працу (смажылі бульбу фры і напаўфабрыкаты для гамбургераў), а таксама ў нявыплаце поўнага заробку. Галоўны плюс у працы ў гэтых рэстарацыях — адсутнасьць вопыту часьцей за ўсё не зьяўляецца перашкодай для наймальніка.

На каго трэба вучыцца, каб зарабляць болей за ўсіх?

Паводле дадзеных mojazarplata.by, самая высокааплатная праца ў Беларусі — у дырэктараў кампаній, у якой ад 50 да 500 супрацоўнікаў (25 830 рублёў у гадзіну), кіраўнікоў праектаў (19946 рублёў у гадзіну) і мэнэджэраў IT-аддзелаў (18292 рубля ў гадзіну). Сярэдні ўзрост прадстаўнікоў гэтых прафэсій 39, 33 і 34 гады, адпаведна. Больш за палову з 10 найбольш прыбытковых працаў складаюць прафэсіі ў галіне IT. У дзесятку таксама ўваходзяць фінансавы аналітык і ўладальнік крамы.

Рэпэтытар

Праца для батанікаў. Калі вы любіце дзяцей, а да таго ж яшчэ і нядрэнна вучыцеся, то падышоў час зарабіць уласным розумам. Варта толькі выбраць нейкую дысцыпліну (звычайна, унівэрсытэцкую спэцыялізацыю) і патрэніравацца ў навуцы тлумачыць ўсе яе тонкасьці школьніку.

Асаблівасьцяў працы вобмаль: кліенцкую базу пачаць будаваць ня так лёгка, але сябры, якія займаюцца падобнай падпрацоўкай, могуць выратаваць. Таксама варта крыху разьбірацца ў дзіцячай псыхалёгіі і ўмець падштурхнуць іх да вывучэньня таго ці іншага прадмету. Заробак пагадзінны — ад 20 тысячаў за занятак.

Будатрад БРСМ

Калі існуе непераадольнае жаданьне трапіць на дошку гонару «Рэспубліканскага штабу студэнцкіх атрадаў» БРСМ, а таксама заняцца будоўляй такіх знакавых для цяперашняй улады аб’ектаў, як АЭС у Астраўцы ці музэй ВАВ недалёка ад Драздоў, то будаўнічы атрад БРСМ можа стаць ідэальным месцам для рэалізацыі вашых памкненьняў.

БРСМ набірае студэнтаў з усіх унівэрсытэтаў і адсылае на самыя розныя працы: ад калгасаў Магілёўшчыны да будоўлі алімпійскіх аб’ектаў у Сочы ці чыгункі па ўсёй Расеі. Некаторыя БРСМаўцы нават дапушчаныя да будаўніцтва АЭС у Астраўцы. На будоўлях, як сьцьвярджаюць актывісты, студэнты могуць зарабіць да 1.5 мільёна.

Зрэшты, мінімальны памер аплаты ў БРСМ лічаць за лепшае не называць. А ён можа моцна не дацягваць да заяўленай сумы ў $200 па неафіцыйным курсе. Вось якія ўражаньні пакінула праца ў будатрадзе БРСМ у 21-гадовага студэнта БНТУ Максіма.

«Які мэханізм працы БРСМ? Яны проста раскідаюць нас па аб’ектах. І там усё залежыць ад таго, да якога прарабу ты патрапіш. Працавалі мы ад восьмай раніцы да пятай вечара з гадзінным перапынкам на абед. Працавалі ў любое надвор’е. Хоць ёсьць пэўныя нормы, згодна зь якімі пры высокай сьпякоце павінен быць скарочаны працоўны дзень. Пры абяцаных 800 тысячах заплацілі толькі 550. Амаль рабская праца».

Праца мары: сонца і пляж

Грузчык і кур’ер — гэта цудоўна, але, верагодна, студэнты мараць аб чымсьці больш паэтычным. Напрыклад, працы на пляжы. Менавіта пасада супрацоўніка пляжу апынулася паводле апытаньня расейскіх студэнтаў самай жаданай летняй падпрацоўкай. Найменш расейскія студэнты хацелі б працаваць грузчыкам, але многія на лета займаюцца якраз гэтай працай.

А вось сярод украінскіх студэнтаў апошнім часам найбольш папулярная праца ў сфэры мэрчэндайзінгу і прамоўшн, і рынак працаўладкаваньня задавальняе гэтую патрэбу. Прапаноў уладкавацца на падобную пасаду вельмі шмат. Нямала жадаючых стаць кур’ерамі і супрацоўнікамі рэстарацый.


***Курс даляра на раніцу 16.08.2011 складаў 5013 рублёў за адзін амэрыканскі паводле нацбанку і каля 7800 паводле рэальнага рынку.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.