Нефармалы ўзяліся вярнуць футбол вуліцы

Супольнасьць «Забей» рыхтуецца да другога футбольнага турніру нефармалаў. «Вернем футбол вуліцы!» — пад такім лёзунгам пройдзе новая сэрыя дваровых спаборніцтваў па футболе.


Фотарэпартаж з фіналу папярэдняга турніру 

Супольнасьць «Забей» ставіць сабе за мэту папулярызацыю футбола як адкрытага, масавага віду спорту. Задача Турніру — вярнуць футбол вуліцы. 

Актывісты супольнасьці запрашаюць арганізатараў розных нефармальных турніраў вылучыць па 2 футбольныя каманды на ўдзел у другім Турніры нефармалаў. Таксама запрашаюцца і аўтаномныя каманды, якія падтрымліваюць такі фармат і мэты. 

«На вуліцы ў любых умовах надвор’я можа праходзіць добрае, відовішчнае спаборніцтва. Для гэтага не патрэбныя дарагія пляцоўкі або платныя залі. Для гэтага не патрэбныя вялікія ўзносы, жорсткі рэглямэнт і мноства папяровай бюракратыі. Для гэтага трэба жаданьне і крок насустрач! Мы лічым, што вуліца — гэта свабодная прастора, і прапануем такі ж футбол. Максымальна просты і адкрыты. І ў такіх умовах нараджаюцца сапраўдныя героі і зоркі футболу.» — сьцьвярджаюць арганізатары. 

24 верасьня 2011 года спорту будзе вернуты яго першапачатковы сэнс — спаборнасьць і барацьба. Велічыня прыза не грае ролі, важны ўдзел. 

Імпрэза на адзін дзень аб'яднае не толькі розныя дваровыя, вулічныя, аматарскія чэмпіянаты, але і дасьць магчымасьць высьветліць, якая з каманд мацнейшая. 

Удзел у Турніры бясплатны. Няма ніякіх абмежаваньняў па ўзросьце. Гульні будуць праходзіць па правілах «Забей».

Азнаёміцца з правіламі і падаць заяўку можна на сайце zabej.info да 14 верасьня.

Турнір нефармалаў — гэта штогадовае мерапрыемства супольнасьці «Забей», якое зьбірае розныя аматарскія турніры, фан лігі, чэмпіянаты ў аднадзённым мерапрыемстве. Першы такі Турнір прайшоў у 2010 годзе і сабраў 10 каманд з розных нефармальных футбольных чэмпіянатаў Менска (Турнір пасіянарыяў, Ліга Футболу, Школьная ліга чэмпіёнаў, Steet Football, unet.by і інш.) Сёньня Турнір нефармалаў — гэта працяг футбольнага дваровага турніру які праводзіцца супольнасьцю «Забей» з 2006 года. 

13:06, 12/08/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.