Жнівеньскі «Бульбокс»: інтэрнэт-прасоўваньне, міжнародная супраца і саўнд

Шмат тыдняў «Бульбокс» хаваў свой сапраўдны твар пад маскамі канцэртных выпускаў. Але за вакном — жнівень, а ў арсэнале праграмы — новыя тэмы і новыя асобы. Зараз «Бульбокс» крыху больш сур’ёзны, па меншай меры, у ток-шоў зьявіліся гальштукі. А яго пакуль што нязьменныя вядучыя Міхаіл Зуй і Зьміцер Есяневіч па-ранейшаму цікавяцца самымі рознымі культурнымі пытаньнямі — у імя Гледача, перш за ўсё, вядома. Які тэмы будуць на тэлекране ў жніўні? Разьбіраемся і глядзім некалькі выпускаў ужо тут і цяпер.

Інтэрнэт-прасоўваньне праекта

У вас ёсьць цікавы праект, і вы напэўна хочаце, каб пра яго даведалася як мага больш людзей. Ці варта сёньня абапірацца на досьвед продкаў і марнаваць вялікія грошы на звыклыя шляхі выхаду да аўдыторыі — тэлебачаньне, радыё, ¬- калі ў інтэрнэце ўсё можна зрабіць амаль бясплатна? Тут «Бульбокс» па сваім індуктыўным звычаі кажа пра многія зьявы на прыкладзе, перш за ўсё, музычных праектаў.
У гасьцях праграмы:

  • музыкі гурта Re1ikt
  • кіраўнік клюбам «Графіці», адзін зь яго нястомных «рухавікоў», Нік Маторын.

Міжнароднае культурнае супрацоўніцтва

Самы дзелавы, на сёньняшні дзень, выпуск «Бульбокса» на тэму сьлізкую і няпростую, але заўсёды актуальную — пра тое, наколькі шчыльна наша культура супрацоўнічае зь іншымі краінамі, з кім мы сябруем больш і даўжэй і як гэта адбываецца. Тут ток-шоў скурпулёзна разглядае выварат экспарту і імпарту нацыянальнай культуры і… ўпарта верыць у добрае.
У гасьцях:

  • Амбасадар Швэцыі ў Рэспубліцы Беларусь — Спадар Стэфан Эрыксан
  • Дэкан факультэта культуралёгіі і сацыякультурнай дзейнасьці БДУКіМ М.М. Каралёў
  • Удзельніца фолк-гурта «Гуда» Вікторыя Міхно.

Саўндпрадусаваньне

Беларускай музыкі, запісанай на гуказапісвальных студыях, нават хатніх, становіцца ўсё больш, крытыкі ставяць ім ацэнкі ўсё вышэй, але ці кажа гэта пра тое, што праца над гукам (або саўндам, як кажуць прафэсіяналы і іншыя пантовыя асобы) выходзіць на новы ўзровень у нашай маленькай, але ганарлівай краіне? Ці ёсьць у нас школа саўнд-дызайну, а калі няма, то дзе яе шукаць? Якія беларускія выканаўцы сапраўды гучаць і хто ім у гэтым дапамагае? — На гэтыя і многія іншыя пытаньні адказваюць:

  • Зьміцер Безкаравайны, музычны прадусар і экспэрт.by
  • гурт Dali, зь яго заслужана амбіцыйнымі плянамі,
  • і Андрэй Жукаў — легендарны маэстра прафэсійнага студыйнага гуку.

Замыкае 4-ку сьвежых выпускаў невялічкае ўласнае дасьледаваньне-апытаньне «Бульбокса» аб тым, што такое чалавек-легенда і каго менавіта нашы музыкі лічаць легендамі, якія паўплывалі на іх чалавечае і прафэсійнае станаўленьне.

Нагадваем, «Бульбокс» выходзіць у эфір 8-га канала ў нядзелю ў 17:15. Паўторы: аўторак: 16:45, чацьвер: 23:10. www.bulbox.tv.

08:00, 12/08/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.