Беларусь зьбіраецца павялічыць долю зялёнай энэргіі ў дзесяткі разоў

У Беларусі нарэшце пачынае разьвівацца альтэрнатыўная энэргетыка. Цяпер у краіне дзейнічаюць 15 ветраных электрастанцый, новыя будуюцца пад Менскам і на Магілёўшчыне, а інвэстары вывучаюць магчымасьці стварэньня цэлых ветрапаркаў.


Прыватны капітал прыходзіць у сфэру беларускай зялёнай энэргетыкі — вельмі папулярны цяпер у ЭЗ накірунак атрыманьня энэргіі з аднаўляемых крыніцаў: ветру, вады, сонца. Улады спадзяюцца, што бліжэйшымі гадамі доля такой энэргетыкі ў параўнаньні зь цяперашняй павялічыцца ў дзесяткі разоў, піша «Звязда».

У чэрвені 2011 году ў Беларусі было толькі 15 ветракоў, апошні адбудавалі на Гарадзеншчыне. Гэта самы высокі вятрак у СНД, а яго эфэктыўнасьць, па словах кіраўніка аддзелу навукова-тэхнічнай палітыкі і зьнешнеэканамічных сувязяў Дэпартамэнту па энергаэфэктыўнасьці Дзяржстандарту Андрэя Мінянкова вышэйшая, чым на многіх эўрапейскіх устаноўках, што лічацца эфэктыўнымі.

Раней, па словах спадара Мінянкова, ветраная энэргетыка ў Беларусі разьвівалася марудна з-за адсутнасьці стымулаў і заканадаўчых недапрацовак. Але ў апошні год, найперш з-за праблем з расейскай нафтай, дзяржава зьмяніла энэргастратэгію. Цяпер наша краіна, па словах выканаўчага дырэктара асацыяцыі «Аднаўляемая энэргетыка» Уладзіміра Нісьцюка, мы абганяем тую ж Украіну па хуткасьці разьвіцьця зялёная энэргетыкі.

Напрыклад у Магілёўскай вобласьці бліжэйшым часам зьявяцца два ветракі. Адзін ужо ўсталяваны ў вёсцы Жукава Магілёўскага раёну. Забясьпечваць электраэнэргіяй ён можа жылы дом у дзесяць паверхаў з двума пад’ездамі. Іншыя ветраўстаноўкі прыватная фірма мяркуе паставіць у вёсцы Палыкавічы Магілёўскага раёну.

А ў найвышэйшых кропках Беларусі ў Дзяржынскім раёне нямецкая кампанія рэалізуе праект коштам да 360 мільёнаў эўра па будаўніцтве цэлага ветрапарку. Магутнасьць яго будзе дасягаць 160 МВт. 7 такіх ветрапаркаў могуць замяніць адзін блёк праектуемай беларускай АЭС.

Іншыя інвэстары вывучаюць сытуацыю зь вятрамі ў Мсьціслаўскім і Горацкім раёнах. Калі ветравыя рэсурсы будуць дастатковыя, то размова пойдзе пра стварэньне новых ветрапаркаў. Адзін такі ветрапарк будзе здольны забясьпечваць энэргіяй, напрыклад, сярэдні раённы цэнтар. Агулам у Беларусі можна ўсталяваць да 300 тысячаў ветракоў.

У галіне альтэрнатыўнай энэргетыкі вызначыўся і іншы накірунак: адна магілёўская фірма паспрабуе працаваць з сонечнымі батарэямі, а Беларусьнафта ўжо з гэтага году пачне ўсталёўваць іх на сваіх запраўках.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0054 seconds.