Берлін і Парыж супроць навалы ангельскае мовы

Нямецкая фірма Douglas, што прадае касьметыку, ужо ня вабіць немак ангельскім слоганам "Come In and Find Out", але абрала новы - "Alles für diesen Moment" ("Усё для гэтага імгненьня").
Са зьменаю прыйшла й сетка Mc Donald's. Замест выразу "Every Time a Good Time" яна пачала зьвяртацца да кліентаў словамі "Ich liebe es" ("Люблю гэта").
Чаго хочуцьфірмы дасягнуць такімі зьменамі? Выглядае, што такім чынам яны рэагуюць на перасычанасьць ангельскімі словамі, якія за апошні час захлынулі нямецкую мову. Уведзеныя прыклады назначаюць частковы зварот.

Пазбаўленьне ангельскіх тэрмінаў пераважае, хаця ёсьць і адваротныя прыклады. Кампанія Burger King перастала ўжываць "Weil's besser schmeckt" (Бо лепш смакуе) на карысьць ангельскага "Feel the fire".

Шмат якім немцам гэта падаецца забаўным, іншыя зьнепакоеныя здрадаю мове Гётэ й Шылера. Такім чынам яны становяцца падобнымі прыхільнікам францускае мовы, якія любым чынам імкнуцца збавіцца ад навалы ангельскіх выразаў.

Падобна як і ў Францыі – у Нямеччыне праблема прарасла на палітычную сцэну. Нямецкія дэпутаты прынялі напрыканцы мінулага году рэзалюцыю, якая заклікае ўсе радыёстанцыі, каб у этэру гучала як мага болей музыкі зробленай у Нямеччыне. Федэральны сход прыняў пастанову неабавязковую для выкананьня, якая рэкамендуе каб прынамсі 35 адсоткаў трансляванае прадукцыі было нямецкага паходжаньня.

Рэзалюцыю прпанавалі партыі левіцовай ўрадавай кааліцыі, якую падтрымалі й парляментары йіншых партый.

"Сваім рашэньнем мы сказалі музыкам – так, вашая праца важная для нас і мы паважаем яе," – высьветліла неабавязковасьць рэзалюцыі Аньцье Вольмер з партыі Зялёных. Прынятыя засьцярогі, паводле яе, прысьпеюць да большае разнастайнасьці культурных прапановаў, дадуць імпульс промыслу забавы. Прадстаўнікі ж станцыі ARD наадварот крытызуюць гэта выказваньне, яны лічаць, што добрай нямецкай музыцы ніякія квоты не патрэбны.

Палітыкі спасылаюцца на замежны досьвед: абмежаваньні на інвазію ангельскіх кампазіцый завялі Францыя, Канада, Швайцарыя, Польшча і нават Аўстралія. У Францыі з 1996 году прынята правіла, што 40 адсоткаў трансляцый павінна займаць музыка свайго паходжаньня. За парушэньне гэтага правіла пагражаюць штрафы й нават пазбаўленьне ліцэнзіі.

"Гэта крок у спраўным кірунку," – верыць нямецкая міністыня культуры Хрысьціна Вэйс: "Ініцыятыва пойдзе на карысьць культуры, ні ў якім разе гэта не праява нямецкага нацыяналізму".

Моўную чысьціню дабравольна шукаюць у інфармацыйным вяшчаньні й чэскія медыі, дзе няма нейкага працэнтнага бар’еру для замежнай музычнай прадукцыі. "Зразумела, што мы імкнемся ў кожным выказваньні даваць перавагу чэскім выразам," – кажа Йіржы Гошак, кіраўнік замежнае рэдакцыі Чэскага радыё.

У наўпроставых выступах чэскіх палітыкаў вытрымаць гэта нашмат цяжэй. "Часам можам пачуць у дыскусіях незразумелыя выразы," – кажа Пэтр Паспіхал, старшыня Рады па тэлевізіі й радыё. У дэбатах сустракаюцца словы кшталту "face to face", якія вельмі далёкія ад чэскае мовы.

Але ангельская мова пераадольвае адміністрацыйныя абмежаваньні.

Нямецкія навукоўцы правялі дасьледваньне наконт найчасьцей ужываных словаў у рэкляме. Калі ў 1980 годзе ў сьпісе было толькі адно ангельскае слова "fit", то ў 2004 годзе гэты сьпіс пашырыўся на 24 ангельскія выразы.

Вельмі добра гэта відаць на вуліцах, дзе звычайна доўгія нямецкія выразы замяняюць кароткія дакладныя словы, як напрыклад "German Calls" ці ўсім зразумелае "sorry".

Таму нікога ня зьдзівіць, што бегам 10 год ангельская мова ў сьвятовым памеры будзе поўнасьцю дамінаваць.

Паводле новых даследваньняў, вынікі якіх напрыканцы мінулага году агалосіла Брытанская рада, ангельскай мовай будзе валодаць у 2015 годзе палова жыхароў плянэты. "Сьвет становіцца ўсё болей білінгвістычным," – падсумоўвае дасьледчык Дэвід Градал.

Француская ж мова наадварот, будзе страчваць пазіцыі, моўная разнастайнасьць будзе памяньшацца.

Йіржы Сладэк, Hospodářské noviny
Пераклад: Ілья Глыбоўскі

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0682 seconds.