Восеньскі прызыў будзе рэкордным
Прызваць у войска адразу 12 тысячаў чалавек плянуюць у лістападзе. Гэта на 2 тысячы болей, чым забіралі звычайна.
Рост колькасьці прызыўнікоў у ваенкаматах тлумачаць новымі правіламі прызыву: цяпер ён будзе адбывацца ня ўлетку і ўзімку, як раней, а ўвосень і вясною. І менавіта ў лістападаўскі прызыў 2011 году ў войска пойдуць 12 тысячаў хлопцаў замест звычайных 10 тысячаў.
Цяперашні ліпеньскі прызыў — апошні. У час яго забіраюць толькі ў шэрагі ўнутраных войскаў МУС, КДБ і памежнай службы, а таксама асобныя падразьдзяленьні Ўзброеных Сілаў.
Агулам у беларускае войска сёньня-заўтра адправяцца каля 3 тысячаў чалавек, перадае БелТА.
Гледзячы па ўсім, ваенкомы ўжо «пазначылі» восеньскіх прызыўнікоў: з 50 тысячаў маладых людзей, якія прыйшлі гэтай вясною і летам у ваенкаматы, толькі 30 тысячаў атрымалі адтэрміноўку. Значыць, каля 17 тысячаў хлопцаў верагодна могуць адправіцца ў войска ўжо ў лістападзе гэтага году.
Амаль кожны другі прызыўнік атрымлівае адтэрміноўку для працягненьня адукацыі, і толькі кожны дзесяты хлапец — праз дрэннае здароўе.