Ратамка ў нядзелю – пазытыў міжнароднага ўзроўню
Сьпякотная нядзеля – найлепшы момант, каб паленавацца ды патарэшчыць вочы на што-небудзь яскравае ды відовішчнае. Штосьці гэткае доўга шукаць не прыйшлося: у пасёлку Ратамка – 5 кілямэтраў ад Менску, адчула на ўласныя ногі – праходзіла фінальная частка этапу Кубка сьвету па конным трохбор'і.
Увогуле, спаборніцтвы на базе спартовага цэнтру праходзілі з 14 па 17 ліпеня, і ў іх прымалі ўдзел вершнікі зь Беларусі, Украіны, Расеі, Эстоніі ды нават Румыніі. Адчувалася, што коні ды іх двуногія сябры ўжо падстаміліся ў паўтыднёвай барацьбе. Вышыня перашкодаў у 120 см не палягчала жыцьця. Зрэшты, шоў зацягнула...
Нядзельны дзень складаўся з трох выступаў – спартоўцаў першай зоркавай катэгорыі, дзьве зоркі, а потым і ўсе тры. Сярод пераможцаў было нямала расейцаў, але парадавалі і свае – у найкруцейшым за сёньня, трохзоркавым заезьдзе, два з трох месцаў дасталіся беларусам. Бронзавы мэдаль атрымалі спадар Вячаслаў Пойта з Арбатам (55,5 штрафныя за тры дні), срэбра – у гасьцей спадара Міхаіла Насьценка ды Кулрой Пітэра (54,8 штрафныя), а галоўны прыз зарабілі сабе спадарыня Алена Целяпушкіна зь сябрам Пасатам (51,2 штрафныя). Дарэчы, паводле цікавага супадзеньня, залаты мэдаль узяў конь-цёска адной з мадэляў галоўнага спонсара: Das Auto!
Алена Целяпушкіна на Пасаце выступае і ў чатырохзоркавых спаборніцтвах, і не далей як у канцы чэрвеня перамагла на міжнародным турніры ў Маскве. У гэтым годзе ў Ратамцы яна адваявала першае месца ў спартовай пары Вячаслава Пойта ды Арбата, якія ў 2010 годзе сталі чымпіёнамі кваліфікацыйнага этапу кубка сьвету.
Коннае трохбор'е, лягічным чынам, складаецца з трох дысцыплінаў. У першы дзень вершнікі паказваюць, наколькі іх конікі паслухмяныя, як умеюць танчыць ды па-элеганцку падкідваць ножкі. Тое мае назву манежная язда. У другі дзень ладзяцца бадай самыя эфэктныя скачкі праз натуральныя перашкоды – палявыя выпрабаваньні. Асабіста ў мяне псыхіка ня вытрымлівае такога прыліву адрэналіну: натуральныя перашкоды могуць уяўляць зь сябе зьбіты ды ўкапаны плот або шырокую канаву з буйным бервяном на другім канцы. Спадзяюся, на спаборніцтвах абышлося без паламаных шый ды ног. У трэці дзень змаганьне пераносіцца на гэткі газон з пакладзенымі ў калабашкі рознакаляровымі вузкімі бярвеньнямі, якія пры няўдалым выпраўленьні ў палёт можна проста падфутболіць. Перашкоды, акуратныя, разнастайныя ды рознакаляровыя, па-здораўску пасавалі нядзельнаму надвор'еваму настрою.