Беларусы болей ня змогуць атрымліваць амэрыканскія візы ў Маскве

Разьмешчаныя ў Расеі амбасада і генэральнае консульства ЗША з траўня перасталі працаваць зь беларусамі. З восені супрацоўнікі амэрыканскіх прадстаўніцтваў зьбіраюцца прыпыніць прыём дакумэнтаў. Да гэтага на прыём змогуць трапіць толькі тыя грамадзяне Беларусі, якія пасьпелі запісацца да траўня.

«Цяперашнія абмежаваньні датычацца грамадзянаў Беларусі, якія ўпершыню хочуць наведаць ЗША. Прычыну гэтай сытуацыі і тэрмін абмежаваньня ў амбасадзе не камэнтуюць», — паведаміла выданьню «Вечерний Гродно» спэцыяліст па працы з кліентамі кампаніі Pony Express, якая ажыцьцяўляе падачу дакумэнтаў на атрыманьне віз ЗША, Алена Саламаціна.

У Pony Express адзначылі, што раней беларусам ужо неаднаразова прыпынялі выдачу візаў. Між тым у консульскіх аддзелах пасольстваў ЗША ў Варшаве і ў Кіеве, якія прымаюць дакумэнты ад беларусаў наўпрост без пасярэдніцтва турыстычных кампаній, аб прыпыненьні выдачы візаў не паведамлялі.

Увесну гэтага году амаль кожны другі студэнт, што хацеў атрымаць амэрыканскую візу ў Маскве дзеля ўдзелу ў праграме падарожжаў і працы ў ЗША Work and Travel, атрымаў адмову ў ёй. Зьвязваюць гэта найперш з новымі правіламі атрыманьня візы, якія сёлета ўвёў урад ЗША.

Менская амбасада ЗША ўжо некалькі гадоў візы амаль не выдае: дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю ўсё яшчэ на вельмі нізкім узроўні. А пакуль беларускае МЗС раіць зьвяртацца па візы ў консульскі аддзел у Кіеве.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.