Стала вядомая праграма DIY Film Fest альбо чаму 25-26 чэрвеня варта быць у Менску!

Ужо ў трэці раз Менск і Гдыня апынаюцца пад увагай аматараў незалежнага кіно. Па словах арганізатараў, DIY Film Fest — гэта першая ў рэгіёне падзея, якая цалкам факусуецца на контркультуры і ейным творчым уплыве на штодзённасьць.

Сёлетні фэстываль складаецца з трох блёкаў. Па-першае, гэта конкурсны паказ «Spirit of DIY», у якім удзельнічаюць 15 поўна і кароткамэтражных фільмаў ад аўтараў зь Беларусі, Польшчы, ЗША і Нарвэгіі. Сярод тэмаў, якія ўздымаюць удзельнікі — польскія панк-коміксы, B-girls, беларускія фанзіны, похвы, рэінтэрпрэтацыя «Рэмба», а таксама шмат іншых цікавых рэчаў. Разнастайная і стылістыка твораў: ад дакумэнтальных фільмаў да анімацыі, шэдэўраў клясы В, трылераў і відэа-арту.

Па-другое – гэта сакавітая падборка найлепшых фільмаў «Gadabout Travelling Film Festival», паказаная ў мінулым годзе на слынным хардкор-мерапрыемстве «Fluff fest» у Чэхіі.

Трэцюю частку складаюць спэцыяльныя паказы: створаны вэтэранамі фінскай панковай сцэны «Juggling Jugulars» фільм пра іх саміх — «Life sentence of punk», а таксама культава-неадназначны для панк-кінематографа фільм Лу Адлера «Ladies and Gentlemen the Fabulous Stains» і ягоны відэа-аналіз ад ня менш знакавай постаці — Сары Якабсан, у памяць аб якой і адбываецца конкурсны паказ.

Усе фільмы паказваюцца на мове арыгіналу зь беларускімі ці расейскімі субтытрамі. Падрабязную праграму з апісаньнямі фільмаў можна знайсьці на афіцыйным блогу фэстывалю ці спампаваць тут.

DIY Film Fest — гэта яшчэ і спроба гарызантальнай міжнароднай каапэрацыі, якая не прызнае межаў, а таксама ўвасабленьне мары арганізатараў стварыць штосьці, што было б абсалютна бясплатным і заўсёды прапаноўвала нешта ўзамен тым, хто ў гэта ўцягнуты. Арганізатары кажуць: «Мы хочам паказаць кінематограф, які не залежыць ад рэйтынгаў, патрабаваньняў прадусараў і прадказальных чаканьняў гледачоў». Сама падзея — гэта практыка DIY, пра якую і вядзецца гаворка.

У Гдыні кінапаказы адбудуцца адначасова з музычным фэстывалем DIY Punk Hardcore Fest vol.7 8-9 ліпеня, а ў Менску — 25-26 чэрвеня ў моладзевым адукацыйным цэнтры «Фіяльта» (Мясьнікова, 35): з 5 да 10 вечара ў першы дзень, з 4 да 10 — у другі.

Нягледзячы на сьпёку, арганізатары абяцаюць гарачыя дыскусіі і ня менш гарачую вегетарыянскую ежу. Акрамя таго, бонусам стане прэзэнтацыя кнігі – анталёгіі панк-кінематографу пад назвай «Destroy All Movies!!! The Complete Guide to Punks on Film».

Да сустрэчы ў кіно!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.