DIY Film Fest запрашае да ўдзелу
22 красавіка скончваецца прыём заявак на трэці DIY Film Fest, што пройдзе 25–26 чэрвеня ў Менску, а 8–9 ліпеня ў Гдыні (Польшча). Фільмовая падзея цалкам канцэнтруецца на контркультуры і ейным творчым уплыве на навакольную рэальнасьць. Do It Yourself! — заклікаюць арганізатары.
Калі ты лічыш, што твой фільм адпавядае лёзунгу FROM DIY, ABOUT DIY і нейкім чынам датычыцца ідэі Do It Yourself (зрабі сам(а)), то пішы нам на diyfilmfest@gmail.com. У адказе мы ўдакладнім нашыя патрабаваньні адносна тваёй заяўкі, а таксама дамо адрэсу, па якой трэба будзе даслаць копію фільма для прагляду. Мы разглядаем заяўкі, што дойдуць да 22 красавіка. Зрэшты, заяўкі прымаюцца ўвесь час, і атрыманыя пасьля дэдлайну працы будуць разглядацца ў наступнай эдыцыі фэстывалю.
На конкурсе SPIRIT OF DIY няма абмежаваньняў па жанры, годзе выданьня ці працягласьці фільма. Найбольш важныя для нас аспэкты — свабодная творчасьць і некамэрцыйны характар кінематографа.
Аўтары фільмаў, якія прайшлі адбор, змогуць прыняць рашэньне адносна ўдзелу ў конкурсе, а публіка абедзьвюх краін абярэ пераможцу ўзнагароды Сары Якабсан. Акрамя таго, кожная прынятая на конкурс праца будзе агледжаная намі ў Інтэрнэце, і іхнія аўтары могуць разьлічваць на далейшую прамоцыю і кінапаказы.
На сайце фэстывалю ў разьдзеле «Падтрымка» таксама можна адшукаць інфармацыю пра тое, як можна далучыцца да нас, нават калі твой фільм пакуль яшчэ ня зьняты!