«У нескладовае» запіша сынгл з гуртом «Братья Грим»

22 чэрвеня ў менскім клюбе «Мулен Руж Show» гурт «У нескладовае» прадставіць новы сынгл «Станцыя». У запісе і канцэртнай прэзэнтацыі рэлізу возьме ўдзел расійскі гурт «Братья Грим».

Гурт «У нескладовае» – праект Рамана Арлова (экс-«J:морс») і Вадзіма Марголіна (экс-Postscriptum), створаны з мэтай папулярызацыі беларускамоўнай музыкі. У 2010 годзе калектыў выдаў дэбютны альбом «У нескладовае», у запісе якога бралі ўдзел вакалісты беларускіх гуртоў «Без Білета», «Дзецідзяцей», «J:морс», Neo, The Stokes і інш., а прэзэнтацыя адбылася пры падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!».

Сынгл «Станцыя» будзе выкладзены ў Інтэрнэт 22 чэрвеня. Гэта ня толькі анонс другога альбома, над якім зараз працуе калектыў, але і выхад гурта на новы этап.

«Адна з галоўных мэтаў нашага праекту – прадстаўляць музыку на беларускай мове за межамі нашай краіны, – распавядае Раман Арлоў. – За першы год пры падтрымцы кампаніі "Будзьма Беларусамі!" мы зьнялі кліп у Маскве і cыгралі там некалькі канцэртаў. Зараз мы пачынаем уцягваць замежных музыкаў у працэс творчасьці на беларускай мове. Зь іх дапамогай мы хочам данесьці нашу мову да больш шырокай аўдыторыі па ўсім былым Саюзе, пераўтварыць яе зь дзівоцтва ў модную фішку».

Першым крокам ў гэтым напрамку стане супрацоўніцтва з гуртом «Братья Грим», вядомым па гітах «Ресницы», «Кустурица» і інш. У 2009 годзе калектыў прыпыняў сваю дзейнасьць пасьля сыходу з яго Барыса Бурдаева, аднаго з двух братоў-лідэраў, аднак ужо напрыканцы 2010 года гурт вярнуўся на сцэну з новым альбомам «Крылья Титана».

Песьню для дуэту напісаў Раман Арлоў. Вакальныя партыі для яе лідэр гурта «Братья Грим» Канстанцін Бурдаеў запіша ў Менску. 22 чэрвеня ён выканае кампазыцыю «Станцыя» з гуртом «У нескладовае» падчас канцэрту ў клюбе «Мулен Руж Show». У межах выступу адбудзецца яшчэ шэраг прэм’ер з будучага альбома з удзелам Аляксандра Памідорава (Pomidor/off), Яўгена Чалышава («Харлі»), Віктара Рудэнка (Dali), Вадзіма Касалапава (Neo) і інш.

«Супольныя імпрэзы праекта "У нескладовае" і культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!" цалкам заканамерныя. У нас аднолькавая мэта – прасоўваньне сучаснай беларускай культуры, як адметнай і ўнікальнай. Мы рады, што дзякуючы "У нескладоваму" да гэтага працэсу далучаюцца і расійскія зоркі. Нашыя думкі ў кантэксьце падключэньня замежных зорак да папулярызацыі беларускай мовы апынуліся паралельнымі – увосень слухачоў чакае музычны дыск, які кампанія робіць супольна з "Тузіном Гітоў". На ім зоркі з розных краінаў сьпяваюць свае хіты на нашай мове», – гаворыць каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

22 чэрвеня ў клюбе «Мулен Руж Show» гурт «У нескладовае» з прэзэнтацыяй сынгла «Станцыя». Адмысловы госьць – гурт «Братья Грим» (Расія). Пачатак у 20.00. Квіткі: 30 тыс. (танцпол), 50 тыс. (столік). Інфалінія: (029) 671 58 65, (029) 254 49 09.

11:40, 13/06/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.