Спэцслужбы Эгіпта мелі доступ да размоваў апазыцыі праз Skype

Адзін з актывістаў эгіпэцкай рэвалюцыі знайшоў сярод дакумэнтаў спэцслужбаў былога рэжыму сваё дасье, дзе была інфармацыя, што перадавалася толькі праз Skype. У дакумэнтах былых уладаў таксама знайшлася дамова з брытанскай кампаніяй, якая распрацоўвае софт для праслухоўваньня інтэрнэт-камунікацый. 

Праграма для інтэрнэт-камунікацый Skype шмат гадоў мае рэпутацыю вельмі устойлівага нязломнага сродку перадачы канфідэнцыйнай інфармацыі. Нядаўна яе набыла карпарацыя Microsoft, што ў чарговы раз выклікала хвалю цікаўнасьці да надзейнасьці праграмы.

Wall Street Journal апублікаваў артыкул, зь якога вынікае, што спэцслужбы Эгіпта карысталіся распрацоўкамі заходніх фірмаў, каб кантраляваць размовы актывістаў апазыцыі праз Skype.

У сакавіку на хвалі рэвалюцыі, якая зрынула Хосьні Мубарака, актывісты зьдзейсьнілі налёт на штаб кватэру службы бясьпекі Amn Al Dowla. 26-гадовы Basem Fathi распавёў цяпер, што знайшоў там сярод файлаў дасье на сябе, у якім была падрабязная інфармацыя пра прыватнае жыцьцё, якая перадавалася праз skype.

Доказаў, што закрытыя альгарытмы шыфраваньня, якія выкарыстоўвае Skype, былі ўзламаныя, дагэтуль ня існуе. Аднак ламаць шыфраваньне Skype дзеля падслухоўваньня зусім не абавязкова.

Больш просты мэтад — усталяваць на кампутар ахвяры адмысловую схаваную праграму, якая будзе адсочваць усё што адбываецца, запісваць ды дасылаць замоўніку.

Такім спосабам карыстаюцца спэцслужбы па ўсім сьвеце.

Цэлы шэраг кампаніяў з розных краінаў прадаюць софт, які накіраваны на блякаваньне Скайпу і яго праслухоўваньне.

Паводле атрыманых зьвестак у Эгіпце тэставаўся FinSpy — прадукт брытанцаў Gamma International UK Ltd. Юрысты Gamma адмаўляюць аднак, што праграма была прададзеная эгіпэцкаму ўраду.

Між тым, паводле сакрэтных дакумэнтаў праграма была набытая за $559 279 і ёй навучылі карыстацца чатырох афіцэраў спэцслужбаў. Пяцімесяцовае тэставаньне прайшло пасьпяхова — эгіпэцкім спэцслужбам з дапамогай функцыяналу Gamma ўдалося ламаць акаўнты Skype і запісваць размовы, а таксама атрымліваць доступ да скрынак Gmail, Hotmail і Yahoo.

Прадстаўнікі Skype гавораць, што кампанія ня можа абараніць карыстальнікаў ад шпіёнскіх праграмаў кшталту FinSpy. Сапраўды, дзеля гэтага існуе адмысловы софт.

Інсталяцыя падобных на FinSpy праграмаў пераважна адбываецца па такім жа прынцыпе, як рассылаюцца вірусы. Аднак з дапамогай магчымасьцяў, якія маюць аўтарытарныя ўрады, можна ажыцьцяўляць і больш выкшталцоныя мэтады. Напрыклад, праз правайдэра падмяняць аднаўленьні сыстэмы на шпіёнскі софт.

Дзеля бясьпекі прыватнасьці не дастаткова карыстацца надзейнымі папулярнымі праграмамі. Бясьпека — гэта комплекс і нават няспынны працэс дзеяньняў накшталт гульні ў кошкі-мышкі. Залішняя вера ў геній распрацоўшчыкаў кампутаровых праграмаў часта разбурае элемэнтарную асьцярожнасьць.

vojur 13:28, 02/06/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.057 seconds.