Гулін паказвае недзіцячыя малюнкі

У галерэі «Ў» прайшло адкрыцьцё працаў Міхаіла Гуліна «Выстава НеДзіцячага малюнка». Мастак ізноў зьвяртаецца да тэмы мас-мэдыя і аналізуе мэханізмы, законы і рытуалы, якія вызначаюць сёньня дыстрыб’юцыю і рэцэпцыю візуальнай інфармацыі.


Фотарэпартаж з адкрыцьця выставы

Міхаіл Гулін спалучае ў сваёй творчасьці спэцыфічную дасьціпнасьць і застрашвальную просталінейнасьць. Тры яго скразныя пазыцыі: імкненьне ставіць усё пад пытаньне (і найперш адэкватнасьць уласнай публікі), гумар і любоў да кантэкставых гульняў. Усё гэта, памножанае на яго цікавасьць да спрэчных, правакацыйных зон і на яго сьмеласьць, дае проста атрутную выбухованебясьпечную сумесь.

На выставе прадстаўлены дзьве групы твораў, якія экспануюцца ў дзьвюх прасторавых зонах: «Minimal Seхual» і «Дзіцячая дэманалёгія». У творах «Minimal Seхual» Гулін наўпрост цытуе найвядомейшыя ўзоры геамэтрычнай абстракцыі.

У цэнтры яго намераў ня столькі адпаведныя творы самі па сабе — значна больш яго цікавяць арганізаваныя вакол іх новыя прасторавыя і тэарэтычныя ўмовы. Гулін зыходзіць з таго, што ў розных кантэкстах мастацкі твор непазьбежна зьмяняе свой статус, прачытваецца па-рознаму, і часта зьмена кантэксту дае парадаксальныя вынікі. Дасьледаваньне гэткага кшталту парадоксаў разгортваецца ў экспазыцыі «Minimal Seхual». У дадзеным выпадку Гулін прапануе перайначваньне парамэтраў успрыманьня празь зьмену назвы. Карціны Лісіцкага, Ньюмэна, Хорста ён выхоплівае з гістарычнага кантэксту і экспануе пад назвамі файлаў з порнасайтаў. Такім чынам, у зоне кантакту твора і навакольля нараджаецца нешта трэцяе, зманіпуляванае напружаньне паміж фактычным зьместам і сэнсавым эфэктам. З той прычыны, што скразной тэмай творчасьці Гуліна зьяўляюцца розныя стэрэатыпы і фальшыўкі, якія жывуць у нашай сьвядомасьці, заканамерны яго зварот да дзіцячай тэмы як да своеасаблівай «tabula rasa».

Калі глядзіш на працы Гуліна, здаецца, што ўсе твае дзіцячыя выявы нібы прыбіты ўшчэнт цяжкім ботам. Але, бясспрэчна, мастак прапаноўвае сваю альтэрнатыву, ужо дарослую, але ніяк не горшую.

На адкрыцьці прысутнічалі прадстаўнікі розных пакаленьняў беларускай мастацкай школы, а музычны настрой у галерэйных прасторах ствараў Papa Bo.

Варта адзначыць, што ўваход на выставу Міхаіла Гуліна ўпершыню за гісторыю існаваньня галерэі Ў, будзе платны. Кошт квітка будзе 3000 рублёў, але за свае грошы кожны наведвальнік атрымае аўтарскую паштоўку ад Міхаіла Гуліна. Выстава адкрытая для гледачоў з 27.05.2011 па 19.06.2011.

13:20, 27/05/2011 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1202 seconds.