Як праверыць, ці ёсьць ты ў сьпісе невыязных

Даведацца, ці ўнесенае ў сьпіс «невыязных» уласнае імя альбо не, можна вельмі лёгка. Такія даведкі робіць сама міліцыя. Тым часам, як прызнаюцца расейскія памежнікі, паміж Беларусьсю і Расеяй дагэтуль не існуе зладжанага мэханізму па абмене інфармацыяй аб тых, хто перасякае мяжу «саюзнай дзяржавы».

«Ідзе шмат пытаньняў ад нашых грамадзян, якія раней па якіх-небудзь прычынах былі ўключаныя ў сьпісы невыязных зь Беларусі. Потым яны спрабавалі выехаць за мяжу, не праверыўшы, ёсьць яны ў гэтым сьпісе ці не. Іх вярталі зь мяжы. Ім было непрыемна», — кажа намесьнік начальніка дэпартамэнту МУС Віктар Ігнатовіч.

Паводле Ігнатовіча, каб даведацца, ці не забаронены выезд за мяжу, грамадзянам дастаткова зьвярнуцца ў тэрытарыяльнае аддзяленьне па грамадзянстве і міграцыі з дакумэнтам, што сьведчыць асобу. «У момант звароту яму адразу ж скажуць, ёсьць у адносінах грамадзяніна забарона на выезд ці няма».

Як перадае БелаПАН, зь Беларусі забараніць выезд могуць ня толькі грамадзянам нашай краіны, але і замежнікам і нават тым, у каго няма ніякага грамадзянства.

«Літаральна ў мінулым месяцы ў дачыненьні да 7 замежных грамадзян ўжывалася гэтая мера. Яны былі спыненыя памежнікамі і вернуты назад», — сказаў Ігнатовіч. Паводле яго словаў, усе абмежаваньні на выезд збольшага былі заснаваныя на маёмасных прэтэнзіях з боку Беларусі.

Як прызнаецца кіраўнік дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Расеі Мікалай Шэўчыкаў, агульнай базы міграцыйнай інфармацыі паміж Беларусьсю і Расеяй няма:

«На гэты дзень у нашых краінах розныя візавыя рэжымы з трэцімі дзяржавамі, тэрміны рэгістрацыі замежнікаў, няма адзінага банка дадзеных аб несапраўдных, выкрадзеных і незаконна выдадзеных пашпартах, аб дэпартаваных грамадзянах, пагадненьняў аб прыёме і перадачы незаконных мігрантаў, — заявіў „Расейскай газеце“ Мікалай Шэўчыкаў. — Ёсьць пытаньні з апэратыўным абменам інфармацыяй. Адсутнічае агульная мэтодыка і адзіны мэханізм ідэнтыфікацыі іншаземцаў, затрыманых без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу. Дыямэтральна процілеглыя стратэгіі прыцягненьня замежнай працоўнай сілы».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0634 seconds.