У галерэі Ў паказваюць «Дэталі» мастака Валерыя Песіна

«Дэталі» — пэрсанальная выстава жывапісу і графікі. Як адзначае мастак, сюжэтамі для карцін стаюцца папросту нейкія вобразы, што не паддаюцца дотыку, — начное паветра, пах зялёных арэхаў, аскепкі вады… Малюнак стаецца магчымасьцю спалучыць розныя матэрыялы — аловак, туш, гуаш, пастэль. Намякнуць, недасказаць, каб даць магчымасьць гледачу стаць суаўтарам.

Валерый Песін: «Часта зьяўляюцца карціны, жанр якіх вызначыць даволі складана — ці то нацюрморт, ці то пэйзаж — хоць штуршок для зьяўленьня гэтых кампазыцый заўсёды даецца нейкімі рэальнымі аб’ектамі. Паводле формы яны блізкія да абстрактнага жывапісу, але абстракцыямі ў агульнапрынятым сэнсе не зьяўляюцца, зноў жа таму, што ў іх адчуваюцца спасылкі на канкрэтныя прадметы ці паняцьці. Для сябе я азначаю і аб’ядноўваю такія кампазыцыі словам «дэталі».

Вось мы глядзім у вакно, мы ідзем па вуліцы, па засьнежаным полі альбо праз лес, мы бачым вакол сябе шыкоўныя ў сваёй прыгажосьці прадметы: рудое лісьце на шэрым асфальце, аблокі ў небе, сухія травінкі сярод белых сумётаў, празрыстыя кроплі расы, што сьцякаюць па ствале старой яблыні… Даўжыня гэтага сьпісу залежыць ад ступені адкрытасьці нашай сьвядомасьці і можа быць бясконцай.

Вядома, што паэт не той, хто нешта прыдумляе, а той, хто ўсе прымае блізка да сэрца. І калісьці надыходзіць перапаўненьне, і трэба пазбаўляцца эмоцый, і пачынаецца маляваньне… Графічныя лісты з «дэталямі» малююцца звычайна сэрыямі па 4-6-8 лістоў, пакуль не ўсьведамляеш пазбаўленьне. Малюнак стаецца магчымасьцю спалучыць розныя матэрыялы — аловак, туш, гуаш, пастэль. А яшчэ, як я мяркую, у малюнках прасьцей захаваць такую важную для мяне ўласьцівасьць, як адчуваньне намёку, недаказанасьці, што даюць гледачу магчымасьць самому знаходзіць нейкія асацыяцыі і быць у пэўнай ступені суаўтарам. Таму так важна знайсьці правільную мяжу паміж рэальнасьцю таго, што малюецца, і абстрактнай умоўнасьцю, знакавасьцю. Так, бадай, стварыць знак — вось, чаго хочацца…»

Мастак актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх нацыянальных і міжнародных праектах. Пэрсанальныя выставы Валерыя Песiна праходзілі ў Беларусі (галерэя «Шостая лінія» і Палац мастацтваў), Нямеччыне (галерэя «Im Hof»), Расіі (Цэнтральны Дом Мастака, Расійскі фонд культуры, галерэя «Злата», Выстаўная заля Юнэска, галерэя «Алена»), Польшчы (Каталіцкі ўнівэрсытэт Любліна, Музэй г. Лембарк), Швэцыі (Дні Беларусі ў Швэцыі), Галяндыі (Stichtigh Muset) і Люксембурзе (галерэя «Rectoverso»). Акрамя гэтага, на рахунку майстра — удзел у шматлікіх калектыўных праектах у Расіі і Эўропе.

Выстава «Дэталі» праходзіць у галерэі Ў з 28 красавіка да 19 траўня.

12:50, 05/05/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4393 seconds.