Пра дызайн для самых маленькіх

У Менску ўпершыню пройдзе студэнцкі форум для маладых дызыйнэраў «Кропка перасячэньня». Праект пройдзе 25–27 траўня ў НВЦ «Белэкспа» у межах штогадовай спэцыялізаванай выставы «Дызайн-фармат, 2011».

«Кропка перасячэньня» — гэта сацыяльна-адукацыйны некамерцыйны праект. Прадстаўнікі рэклямнай індустрыі: дызайнэры, капірайтэры, маркетолягі, крэатыўныя і арт-дырэктары, відэа-інжынэры, кіраўнікі рэклямных кампаній, сустрэнуцца са студэнтамі, каб падзяліцца досьведам працы. На працягу чатырох дзён форуму госьці змогуць свабодна наведаць лекцыі і майстар-клясы вядучых спэцыялістаў.

Штогод узровень адукацыі ў сфэры рэклямных тэхналёгій у Беларусі зьніжаецца. Гэта зьвязана з тым, што практыкуючыя прафэсіяналы адмаўляюцца выкладаць у ВНУ краіны па прычыне нізкага заробку. Тым ня менш, цікавасьць да спэцыяльнасьцяў дадзенай сфэры ўзрастае. Зьвернем увагу на зацікаўленасьць беларускіх кампаній у прыцягненьні спэцыялістаў рэспублікі, аплата працы якіх ацэньваецца таньней, чым паслугі замежных (заходніх) калегаў. За час навучаньня студэнты атрымліваюць агульныя тэарэтычныя веды і пасьля заканчэньня ВНУ сутыкаюцца з праблемай прафэсійнай непрыдатнасьці, бо не валодаюць канкрэтнымі практычнымі навыкамі. На думку аўтара і кіраўніка праекта [ТП] Паліны Пастушэнка, праблему можна вырашыць. Штогадовы форум, адкрыты для кожнага студэнта, дапаможа павысіць цікавасьць да прафэсіі, атрымаць практычныя навыкі, пашырыць кола знаёмстваў і знайсьці працу, ня маючы вопыту.

Студэнцкі форум пройдзе на другім паверсе выставачнага павільёну «Белэкспа», прастора якога будзе арганізавана для максымальна паўнавартасных камунікацыяў і правядзеньня заняткаў. Праца будзе праходзіць у трох асноўных сэкцыях: фота, графічны дызайн і відэа-вытворчасьць. Таксама, сэкцыя рэгістрацыі ўдзельнікаў, зона адпачынку, wi-fi-зона, чытальная заля, выставачныя стэнды партнэраў і сяброў форуму.

Хэдлайнэрамі мерапрыемства стануць прадстаўнікі вядучага расейскага творчага аб’яднання ў сфэры новых мэдыяў Cyberbrothers. Госьці бясплатна правядуць лекцыі і майстар-клясы аб выкарыстаньні арыгінальных тэхналёгій камунікацыі, распавядуць аб сучасных тэндэнцыях у сьвеце відэа-арту, прадставяць унікальны адукацыйны праект AVIN, праект аб гісторыі развіцьця мэдыя-тэхналёгій і сакрэтах індустрыі сёньня.

Падвядзенне вынікаў студэнцкага форуму «Кропка перасячэньня» адбудзецца 29 траўня ў клюбе «Jack club», дзе пройдзе ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу, заахвочваньне самых актыўных удзельнікаў адукацыйнай праграмы. Дыджэі-дызайнэры будуць граць усю ноч.

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе тыя, каму цікавы дызайн і рэклямныя тэхналёгіі. Студэнты, якія ўжо навучаюцца ў ВНУ па сумежных спэцыяльнасьцях: дызайнэры, маркетолягі, мэнэджэры, лінгвісты, рэжысэры, апэратары, мастакі, тэхнолягі. Абітурыенты і іх бацькі, якія жадаюць вызначыцца з выбарам прафэсіі. Маладыя спэцыялісты, якім неабходна папоўніць базу прафэсійных навыкаў.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў студэнцкага форуму «Кропка перасячэньня» адкрываецца 15 красавіка на сайце: www.crosspoint.by. Усе жадаючыя змогуць пазнаёміцца з праграмай мерапрыемства, майстрамі, лектарамі, партнэрамі і гасьцямі. Кантактны тэл: +375 29612 1975 81, +375 29 55 77200.

08:00, 11/04/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.