У «Гадзіну Зямлі» па Менску праехалі «веласьветлячкі»

Увечары 26 cакавіка ўздоўж веладарожкі на Нямізе і праспэкце Незалежнасьці можна было ўбачыць «веласьветлячкоў». Менская моладзь адзначала сусьветную экалягічную акцыю «Гадзіна Зямлі».

Гэта імклівая акцыя-пералёт адбылася ў мінулую суботу па маршруце «Няміга — нацыянальная бібліятэка» дзякуючы грамадзкай ініцыятыве «Ровар у горадзе» і была прымеркаваная да «Гадзіны зямлі» (сусьветная кампанія, у межах якой штогод у буйнейшых гарадах сьвету прыкладна на гадзіну адлучаецца непатрэбнае асьвятленьне).

Менскія «сьветлячкі» (а былі свае і ў Джакарце, і нават на Філіпінах), упрыгожыўшы ровары ілюмінацыяй, паехалі да нацыянальнай бібліятэкі, якая з 20.30 да 21.30 у межах «Гадзіны зямлі» мусіла згаснуць. Пасьля раварысты паглыбіліся ў гульні ў фрызьбі.

«Ровар у горадзе» ўжо ня першы раз ладзіць падобныя акцыі. Папулярызацыя экалягічнага транспарту, устойлівае разьвіцьцё гораду, падвышэньне сьвядомага і адказнага стаўленьня да прыроды, а таксама культуры карыстальнікаў ровараў, — мэты якія ставіць ініцыятыва.

Болей здымкаў з акцыі ў фотаблогу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0044 seconds.