«Бегство или Осторожно (!) Хрупкое»
У афінскім Акропалі захоўваўся карабель. Людзі верылі, што менавіта на ім Тэсей плаваў на Крыт. Дык вось, калі якая-небудзь частка згнівала, яе мянялі на новую. Пад канец на караблі не засталося ніводнага аўтэнтычнага кавалку, і філёзафы паказвалі на яго і казалі: «Вось прыклад дыялектычнага парадоксу: гэта і той карабель, і ня той». Чаму я пра гэта распавядаю? А вось чытайце. Пра «Бегство или Осторожно (!) Хрупкое».
26 сакавіка ў Палацы Прафсаюзаў адбыўся спэктакль «Бегство или Осторожно (!) Хрупкое», пастаўлены нямецкім Тэатрам свабоднай плястыкі Chasqui сумесна з нашым Тэатрам сучаснай харэаграфіі D.O.Z.S.K. I. Аўтар пастаноўкі — Вольга Костэль, рэжысёр-пастаноўшчык нямецкага тэатру.
Выдатна адпрацаваная, яркая, але ні кропелькі ня сумная пастаноўка на гадзіну прымусіла хвалявацца нават самых спрактыкаваных менскіх гледачоў. Спэктакль раскрывае страшэнную тэндэнцыю сучаснасьці ператвараць другараднае ў галоўнае ды наадварот.
«Культываваньне паверхні і ператварэньне каштоўнасьцяў у неадушаўлённы прадмет»,- тэзісна пракамэнтавала пастаноўку аўтарка Вольга Костэль.
Экспэрымэнт, у сутнасьці, сынтэз філязофіі постмадэрнізму з мадэрнісцкім адценьнем, гэты спэктакль немагчыма ўспрыняць малаадукаванаму грамадзтву спажываньня. Гэта яшчэ і часавая рэфлексія аўтара на таблоідную рэальнасьць, што захапіла паўсядзённасьць. Тонкія намёкі, відавочны сымбалізм і ёсьць самым смачным кавалкам для грамадзтва інтэлектуалаў, якое прысутнічала ў гэты вечар у глядацкай залі.
Гэты спэктакль зьяўляецца першай сумеснай працай Chasqui і D.O.Z.S.K.I.
«Гэта безумоўна каштоўны досьвед, які мы выкарыстаем для нашай далейшай працы»,- адзначыла Вольга Скварцова, адна з кіраўнікоў тэатру DOZSKI, таксама ўдзельніца пастаноўкі.
Вольга распавяла, што адаптацыя спэктакля для беларускіх актораў (Вольга Скварцова і Андрэй Дзьмітрыеў) адбывалася на працягу ўсяго дзесяці дзён перад непасрэдным выступам. Ужываньне прынцыпова «новай харэаграфічнай лексыкі» стала для беларусаў адначасова і складаным, і жаданым досьведам. Па словах Вольгі Скварцовай, удзельнікі тэатру ўпершыню працавалі з замежным тэатрам, і зараз яны працягнуць супрацоўнічаць са шматлікімі, але ня спыняцца і ў разьвіцьці ўжо існуючай у іх тэатральнай канцэпцыі.
Зь іншага боку, досьвед працы на менскай сцэне стаў першым для рэжысёра праекту Вольгі Костэль.
«Не шанцавала мне зь Менскам», — шкадуе сама аўтарка. Вольга ўжо дэманстравала свае працы ў Менску раней, але «яны былі зусім дзіцячыя, а вось штосьці сур’ёзнае атрымалася паказаць толькі цяпер».
Вольга Костэль нарадзілася ў Менску і нават скончыла тут харэаграфічны каледж, пазьней паступіла ў Акадэмію Драмы і Мастацтва ў Бэрліне. А цяпер зьяўляецца заснавальнікам і кіраўніком тэатру Chasqui. Вольга падзялілася сакрэтам, што цяпер яе галоўная мара як аўтара — паставіць «Мэдэю»: «Гэта, мусіць, стане аўтабіяграфічнай пастаноўкай». І праўда, каб па-сапраўднаму зразумець галоўную гераіню, Вользе давядзецца зьвярнуцца да сваіх перажываньняў, што непазьбежна нагадваюць пра сябе.
Канешне ж, супрацоўніцтва любых тэатраў уплывае на іх далейшую дзейнасьць. Супрацоўніцтва беларускіх тэатраў з эўрапейскімі заўсёды вядзе да прагрэсу саміх тэатраў. На жаль, у нас ёсьць прыклады забароненых тут тэатраў. Аднак яны знаходзілі прызнаньне ў іншых краінах Эўропы. Наш тэатар ужо не застаецца такім, як быў нават тры гады таму (бо састарэлыя часткі заўсёды замяняюць). Трэба толькі пазычыць і нам, гледачам, выносіць досьвед з прагляду новых пастановак і ўжо не палохацца навізны на сцэне.