Танцтэатру «D.O.Z.SK.I.» — 5 гадоў

13 кастрычніка на сцэне Рэспубліканскага палацу культуры прафсаюзаў адбудзецца канцэрт тэатру сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I.». Яго праграму складуць як лепшыя пастаноўкі з рэпэртуару калектыву, так і прэм’еры.

Танцтэатру «D.O.Z.SK.I.» — 5 гадоў! Яго стваральнікі і мастацкія кіраўнікі Дзьмітрый Залескі і Вольга Скварцова-Кавальская пачалі супрацоўнічаць у 2005 годзе. Першы публічны паказ спэктакляў тэатру адбыўся 20 чэрвеня 2006 года ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, на сцэне студэнцкага тэатра імя Міровіча.

За гэты час «D.O.Z.SK.I.» (назва створана з пачатковых літар прозьвішчаў і імёнаў аўтараў праекта) атрымалі прызнаньне як «неспакушанага гледача», так і прафэсіяналаў, прынялі ўдзел у аўтарытэтных міжнародных танцфорумах і заваявалі вялікую колькасьць узнагарод.

Аднак сутнасьць не ў колькасным, а ў якасным «вымярэньні» гэтых гадоў. Скварцовай-Кавальскай і Залескаму атрымалася ажыцьцявіць немагчымае — у сталіцы, дзе моцныя традыцыі так званага «вялікага акадэмічнага балету» і народна-сцэнічнага танцу, стварыць тэатар, які сьвядома займаецца сучасным танцам у яго інтэлектуальна-аўтарскім, а не эстрадна-забаўляльным фармаце. Тэатар з прафэсійным увасабленьнем крэатыўных ідэй, эксклюзіўным рэпэртуарам, у якім лексыка contemporary dance арганічна сынтэзуецца з тэатральна-драматычным мысьленьнем. А яшчэ — са сваёй школай-студыяй пры Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасьці дзяцей і моладзі, дзе і «ўзгадоўваюцца» артысты калектыву.

Падобная творчая прадуктыўнасьць у наш нестабільна-непрадказальны час ня можа не зьдзіўляць — яна ўспрымаецца як крэатыўна-вынаходлівае пераадоленьне «супраціўленьня матэрыялу». Праблема з артыстамі? Дзьмітрый і Вольга іх знаходзяць самі. Фінансам не да песень і не да рамансаў? Харэографы не чакаюць «зь неба пагоды», а ўласнымі сіламі прыцягваюць рэклямадаўцаў, прадусараў, заахвочваюць СМІ. Але самае галоўнае — ствараюць высакаякасны мастацкі прадукт, здольны канкураваць у міжнароднай танцтэатральнай прасторы.

Сёньня пра «D.O.Z.SK.I.» пішуць, спрачаюцца, здымаюць тэлепраграмы… 5-гадовая творчая дзейнасьць калектыву спарадзіла ў сталіцы своеасаблівы «D.O.Z.SK.I.-бум». А мяркуючы па звыш-аншлягавай рэакцыі публікі на канцэртныя выступы калектыву — нават «D.O.Z.SK.I.-манію»!

Праграма канцэрта 13 кастрычніка 2010

  • «Трыо». Харэаграфічная мініятура, пабудаваная на прынцыпах кантактнай імправізацыі — тэхніцы спантаннага невэрбальнага дыялёгу.
  • «У даліне долі». Мініятура-роздум, музычна-плястычная стылізацыя на аснове рускага фальклёру.
  • «Homo sapiens». Аднаактовы балет, разважаньне-прыпавесьць.
  • «Сталасьць». Танцавальная мініятура, вольная інтэрпрэтацыя матываў фальклёру народаў Каўказу.
  • «Камень. Нажніцы. Папера». 10-хвілінны расповед пра мужчыну і жанчыну.
  • «Дэ-Рэ». Рэтра-гэг, «музычна-тэатральны дапаможнік» аб тым, як ператварыць Дзень нараджэньня ў сапраўднае сьвята!
  • «Low Freqency». Прэм’ера! Спроба з дапамогай фізычнай энэргіі целаў інтэрпрэтаваць кінэтычную энэргію жыцьця.
  • «Мухі на сонцы». Прэм’ера! Дуэт-гульня, заснаваны на тонкай грані і мэтамарфозах: чалавек-казурка, чалавек-жывёла…
13:30, 04/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1164 seconds.