Месяц польскай літаратуры ў кнігарні «логвінаЎ»

Цэлы месяц? Цэлы месяц! Цэлы красавік у цэнтры Менску ў кнігарні «логвінаЎ» будзе стаяць вялікая паліца з польскімі кніжкамі. Набыткі польскай літаратуры: сучасныя і клясычныя, перакладзеныя і ў арыгінале — падыходзь і набывай, ці проста чытай. Акрамя гэтага ў кнігарні можна будзе азнаёміцца з польскімі газэтамі і мастацкімі альбомамі польскіх мастакоў, а таксама атрымаць у падарунак кнігі беларускіх аўтараў па-польску.

Цэлы месяц? Так, цэлы красавік раз на тыдзень у кнігарні можна будзе ўбачыць і паразмаўляць зь літаратурнымі зоркамі Польшчы першай велічыні. Яны:

  • Міхась Адрасюк (Michał Androsiuk). Нарадзіўся ў Падляшшы. Піша па-беларуску і па-польску. Апошнія кнігі: па-беларуску — зборнік апавяданьняў «Вуліца добрай надзеі», па-польску — зборнік Wagon drugiej klasy. Асноўная тэма — прыгоды местачковых жыхароў. Падчас публічных чытаньняў уласных твораў Міхась не расстаецца з бейсболкай.
  • Ігнацы Карповіч (Ignacy Karpowicz). Нарадзіўся і жыве на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўнівэрсытэту, афрыканіст і іспаніст. Аўтар шэрагу раманаў, адзначаных прэстыжнымі літаратурнымі ўзнагародамі Польшчы. Тэма большасьці зь іх — лёсы і сьветаадчуваньне людзей, якім наканавана жыць на беларуска-польскім памежжы. А яшчэ Ігнацы размаўляе па-амхарску (мова эфіёпаў).
  • Міхал Ягела (Michał Jagiełło). Міхал Ягела нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Янковіцы пад Кракавам. У 1964 годзе скончыў Ягелонскі ўнівэрсытэт. Празаік, эсэіст, публіцыст і паэт. Аўтар манаграфіяў па гісторыі літаратуры. Сфэра інтарэсаў — шматкультурнасьць Польшчы, а таксама супрацоўніцтва ў сфэры культуры з Беларусьсю, Літвой, Славакіяй і Украінай. У 1989–2006 займаў пасады намесьніка міністра культуры Польшчы, дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Заўзяты альпініст.
  • Лешэк Энгелькінг (Leszek Engelking). Лешэк Энгелькінг — адзін з найвядомых польскіх паэтаў, перакладнік, мастацтвазнаўца. Скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт. Выкладаў літаратуру і кіназнаўства. Перакладае з ангельскай, расійскай, чэскай, украінскай і беларускай. Аўтар кніг «Хайку ўласныя і чужыя» (1991), «Пяты дом» (1997), «І іншыя вершы». Жыць ня можа без чэскага піва.

Расклад імпрэзаў «Месяца польскай літаратуры ў кнігарні «логвінаЎ»:

  • 31 сакавіка (чацьвер). Пасьля ўрачыстага адкрыцьця, дзе выступяць ганаровыя госьці, адбудзецца сустрэча з польскім пісьменьнікам беларускага паходжаньня Міхасём Андрасюком і прэзэнтацыя ягонай кнігі Wagon drugiej klasy/«Вагон другога клясу». Пачатак а 18, Галерэя «Ў».
  • 6 красавіка (серада). Сустрэча з польскім пісьменьнікам Ігнацыем Карповічам і прэзэнтацыя яго новага раману Balladynа i romance/«Баладына і рамансы». Пры ўдзеле перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Пачатак а 19, кнігарня «логвінаЎ».
  • 13 красавіка (серада). Сустрэча з публіцыстам, пісьменьнікам, дасьледчыкам літаратуры і эўрапейскіх культурных сувязяў, Міхалам Ягелам і прэзэнтацыя ягонай кнігі Narody i narodowości. Przewodnik po lekturach/«Народы i нацыянальнасьці. Вандроўка па кнігах». Пачатак а 19, кнігарня «логвінаЎ».
  • 20 красавіка (серада). Творчая лекцыя і сустрэча зь вядомым паэтам і польскім перакладчыкам Набокава Лешэкам Энгелькінгам. Кнігарня «логвінаЎ», пачатак а 19.

Вядоўца ўсіх сустрэч — Андрэй Хадановіч.

Кнігарня «логвінаЎ» знаходзіцца на пр. Незалежнасьці 37а, у адным будынку з Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» і барам «Малако» (гэта ў дварах за домам «Подзьвіг народа», што на плошчы Перамогі).

11:00, 28/03/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.