Сэксуальная рэвалюцыя пачалася раней за 60-я

Амэрыканскія дасьледнікі перачыталі законы пра сэкс у амаль 200 краінах сьвету за 60-гадовы пэрыяд. І зрабілі выснову, што сэксуальная рэвалюцыя насамрэч пачалася яшчэ да 1960-х ды была выкліканая зусім не зьяўленьнем новых кантрацэптываў, як прынята лічыць.

«Калі гаворым пра сэксуальную рэвалюцыю, мы звычайна маем на ўвазе тое, што адбывалася ў 60-я гады, што мела месца ў асноўным у ЗША і заходніх краінах, што былі зьнятыя ўсе абмежаваньні на ўсе віды сэксуальных дачыненьняў. Гэта не зусім правільна», — мяркуе сацыёляг David John Frank.

Яго каманда ў Каліфарнійскім унівэрсытэце прааналізавала 194 краіны ў пэрыяд з 1945 па 2005 год.

«Сэкс — гэта самая асноўная форма ўзаемадачыненьняў паміж людзьмі, — сьцьвярджае амэрыканскі дасьледчык. — Тым самым сэкс выступае асновай самога грамадзтва. Зьмены заканадаўства ў тым, што тычыцца сэксуальных стасункаў, зьяўляюцца ярчэйшым апісаньнем асноваў і рубяжоў грамадзтва».

Погляды на сэкс пачалі зьмяняцца яшчэ ў 40-я, яўным пацьверджаньнем чаго зьяўляецца ўвядзеньне па ўсім сьвеце новых законаў. Так, на працягу дасьледаванага 60-гадовага пэрыяду: 68% зьмененых законаў пра блудніцтва і 81% законаў пра садамію паменшылі крымінальную адказнасьць. У той жа час 85% перапісаных законаў аб сэксуальным гвалце ў адносінах да дзяцей і 98% перапрацаваных законаў пра згвалтаваньне пашырылі межы адказнасьці.

Сэксуальнай рэвалюцыяй культуролягі называюць адмову ад састарэлага падыходу да сэксу выключна як да сродку працягненьня роду. У пасьляваенны час нарэшце было «дазволена» займацца каханьнем проста дзеля задавальненьня. А сэксуальнасьць стала ўспрымацца як адзін са спосабаў самавыражэньня. Навукоўцы не адмаўляюць, што рок-н-рол, наркотыкі і кантрацэптывы давялі сэксуальную рэвалюцыю да апагею, аднак лічаць, што пачалося ўсё яшчэ ў 40-я.

Дарэчы, пакаленьне Y часам называюць «рэха-бумерамі», то бок рэхам буму нараджальнасьці, які адбыўся ў выніку апагею сэксуальнай рэвалюцыі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0372 seconds.