«Жаночы кантэкст» — глямур без фоташопу ад Сяргея Грыневіча
Што можна пабачыць за межамі штодзённасьці? Што кажуць адрэдагаваныя ўшчэнт плястыкавыя вусны і вочы? Кожны дзень па-за межамі сваёй кватэры трапляеш на канал перадачы непатрэбнай інфармацыі і становісься яе пераносчыкам. Мастак адказвае на гэта рэакцыяй і яна адлюстроўваецца ў зьменах.
Маё першае знаёмства зь Сяргеем Грыневічам прайшло, калі ў кватэры бацькоў раптоўна зьявіліся дзьве яго карціны. І тады, яшчэ ў дзяцінстве, я зразумела, што гэта палотны майстра, які здольны надаць кожнай дробязі вялікае значэньне, і, што вельмі важна, у першасным выглядзе перадаць іх гледачу.
На выставе «Жаночы кантэкст» Грыневіч адлюстроўвае іншы сьвет — сьвет глянцу і глямуру. Але робіць гэта нібыта хірург, адчыняючы для гледача «глямур без фаташопу». Нібы мастак адкрывае за каляровай паперкай рассаднік сьмяротнай хваробы: адсутнасьці індывідуальнасьці, жыцьцё з навязанымі прынцыпамі і ідэаламі. Колер — першы падручны матэрыял мастака. Пры дапамозе каляровых рашэньняў мастак і робіць паўсядзённы сьвет таблоідаў і білбордаў больш непатрэбным і прапаноўвае сваю ідэю.
Адкрыцьцё выставы аднаго з самых вядомых беларускіх мастакоў Сяргея Грыневіча адбылося ўчора ў Галерэі «Ў». «Чаму зараз ня модна быць непаўторным, своеасаблівым?» — на гэта пытаньне спрабуе адказаць гарадзенскі мастак.
Грыневіч не абмежаваны толькі жывапісам і працуе ў галіне манумэнтальнага мастацтва, вітражу, росьпісу. У ягоных працах зьмешваюцца розныя накірункі, стылі і нават віды творчасьці, як у гарадзенскай культуры заўсёды адбываўся сінтэз розных культур. Сам майстар бачыць сябе на памежжы традыцыйнага і сучаснага мастацтва. Яго цікавяць аптычныя эфэкты, дынаміка, але больш за ўсё – колеры. Акцэнт на іх зусім не выпадковы.
«Колер – гэта глыбокі сымбаль, які дапаўняе асноўны сэнс выявы. У маіх карцінах няма асобных вобразаў, ёсьць цэлы космас знакаў і значэньняў», — гаворыць аб сваіх працах Грыневіч.
Мастак актыўна ўдзельнічае ў беларускіх і міжнародных праектах, дзе прадстаўляе нашу краіну і родную Гарадзеншчыну. Працы Сяргея бралі ўдзел у выставах у Польшчы, Гішпаніі, Украіне, Расеі, Літве, Францыі, Швэйцарыі. Карціны майстра захоўваюцца ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжою.
Выстава Сяргея Грыневіча «Жаночы кантэкст» будзе прадстаўлена ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў” з 1 па 14 сакавіка 2011 года.