Горад, які зьмяняе людзей

Львоў

Львоў — горад, які зьмяняе людзей. Гэта я магу з упэўненасьцю сказаць, бо ўсе мае знаёмыя, якія пабывалі там, зьмянілі свой пункт гледжаньня на пэўныя рэчы. Чаму так? — спытаеце вы. Мне здаецца, гэта з-за таго, што Львоў зьяўляецца поўнай супрацьлегласьцю Менску. Вузкія вулачкі, не падобныя адзін да аднаго будынкі, ветлівыя людзі і, самае галоўнае, атмасфэра вылучаюць Львоў сярод іншых гарадоў. 

Львоў

Калі мне кажуць «Україна», то я адразу ўспамінаю Львоў. Упершыню з гэтым горадам я пазнаёміўся адносна нядаўна — летам мінулага году. Да сваёй першай сустрэчы я шмат чытаў пра гэты горад, размаўляў зь мясцовымі жыхарамі праз інтэрнэт. У мяне ўзьнікла пэўнае ўяўленьне, вобраз гэтага месца. Але ж сустрэча стала для мяне сапраўдным адкрыцьцём.

Львоў

Ужо на вакзале Львоў сустрэў мяне клясычнай музыкай з гукаўзмацняльнікаў. Львоўскі чыгуначны вакзал пабудаваны ў 1904 годзе ў стылі мадэрн, ён лічыцца адным з найпрыгажэйшых у Эўропе. Толькі я выйшаў з вакзалу, адразу зразумеў — гэта зусім не Беларусь. Вакол была чутна толькі ўкраінская мова. Здаецца, і не такое далёкае замежжа, мова ўсё ж такі вельмі падобная на нашу, але ж так адчувалася розьніца.

Львоў

Каб дабрацца да цэнтру, трэба сесьці на трамвай, ехаць хвілін 30, бо вуліцы вузкія, шмат машын, і таму трамваі рухаюцца вельмі павольна. Праз адзін прыпынак я пабачыў вельмі прыгожы касьцёл Сьвятой Альжбэты, пабудаваны ў нэагатычным стылі.

З касьцёлам зьвязана старадаўняя легенда. Імпэратар Франц-Іосіф быў закаханы ў просталюдзінку Альжбэту з Львова. З-за свайго высокага статусу ён ня мог падтрымліваць зь ёю стасункаў, таму вырашыў пабудаваць касьцёл у гонар сваёй каханкі.

І вось я ў цэнтры Львова на плошчы Рынак. Паўсюль відаць музэі, крамы, выставы. Сьпярша вырашаю завітаць у славутае месца пад назвай «Крыіўка». Кавярня знаходзіцца ў стылізаваным бункеры — менавіта ў такіх бункерах хаваліся бандэраўцы пасьля далучэньня Галіччыны да савецкай дзяржавы. Каб увайсьці, трэба сказаць пароль — лёзунг украінскіх патрыётаў: «Слава Украіне!» і пачуць адказ: «Героям Слава!». У кавярні пануе такая атмасфэра тых бурных гадоў, што нават ня верыцца, ці сапраўды зараз 21-е стагодзьдзе. Гэта проста варта пабачыць на ўласныя вочы!

Добра пасядзеўшы ў «Крыіўцы», выходжу на плошчу. Вакол будынка гарадзкога савета ўсталяваныя статуі Нэптуна, Амфітрыты і Адоніса. Звычайна на сьвяты іх своеасабліва ўпрыгожваюць. На Новы год іх можна пабачыць ва ўбраньні Дзеда Мароза.

Практычна кожны будынак, які знаходзіцца на плошчы, зьяўляецца помнікам архітэктуры. Нядоўга думаючы, пабачыўшы першы музэй, я вырашыў у яго завітаць.

Аптэка-музэй налічвае тысячы экспанатаў з самых розных эпохаў. Усемагчымыя колбы, старажытныя гадзіньнікі, шалі, хімічныя рэчывы… Пры дапамозе экспанатаў у адной з заляў можна папрацаваць з растворамі (галоўнае — не перабольшыць!). Абавязкова раю схадзіць у гэты музэй — не пашкадуеце!

Добра агледзеўшы плошчу Рынак і яе навакольлі, я пакрочыў у бок Армянскага катэдральнага сабору. Звонку велічнасьць храма зусім не адчуваеш, але калі трапляеш унутр, то ўсё зьмяняецца. Гэта неапісальныя пачуцьці, калі ўсьведамляеш, што знаходзісься ў будынку, пабудаваным аж у 1363 годзе! Унутранае ўбранства сабора вельмі своеасаблівае, нават не бываўшы ў Армэніі, можна адчуць непаўторнасьць стылю.

Удыхнуўшы армянскага паветра, крочым далей, да Лацінскага касьцёлу. Касьцёл цікавы тым, што ў ім прысутнічае толькі адна вежа, другая ж, у якой знаходзілася званіца, недабудаваная. Я доўга ня мог адарваць свой позірк ад цудоўнага алтара і ўвогуле ад унутранага хараства касьцёлу.

Падарожжа крыху мяне стаміла, таму здалося, што самы час завітаць у львоўскую майстэрню шакаляду. Менавіта ў ёй можна пачаставацца сапраўдным шакалядам, які робяць на тваіх вачах (галоўнае — стрымаць сябе і не скупіць усё, што бачыш!).

Львоў

Прыдбаўшы шакалядкі, можна выпіць знакамітай львоўскай кавы. Салодкая, пяшчотная, ды яшчэ і з найсмачнейшым шакалядам… Вельмі не хацелася пакідаць гэтае месца!

Па выхадзе з майстэрні не забудзьце павярнуць налева і паглядзець на статую Захера-Мазоха, аўтара скандальных эратычных раманаў і хроснага бацькі мазахізму (статуя хавае ў сабе нямала сюрпрызаў!), а таксама завітайце ў мазох-кавярню, якая знаходзіцца побач. Проста дзеля цікавасьці!

Львоў

Пра Львоў можна казаць, казаць і казаць, яго варта проста пабачыць. Львоў знаходзіцца ўсяго ў 500 кілямэтрах ад Менску. На маю думку, гэта ідэальнае месца для студэнцкага адпачынку. Кошты ня надта высокія, віза не патрэбная, а паглядзець у Львове ёсьць на што, вы паверце!

Львоў

Карысна ведаць

Як дабрацца: калі ты жывеш ва Ўсходняй Беларусі, то лепш ехаць праз Кіеў (Гомель-Чарнігаў-Кіеў). З Кіева ходзіць шмат хуткіх цягнікоў да Львова. Калі едзеш зь Менску ці Заходняй Беларусі то лепш ехаць праз Брэст (Брэст-Ковель-Львоў). Прыкладныя кошты квіткоў такія: цягнік Кіеў-Львоў — 75–100 грн(1 грн=380 б.р), цягнік Ковель-Львоў — 30–50 грн. Гэты ж шлях можна пераадолець і аўтаспынам — зусім задарма!

Пражываньне: спыніцца можна ў хостэле ці зьняць кватэру. Кошт на аднаго чалавека будзе складаць 50–100 грн.

Харчаваньне: можна харчавацца ў сталоўках унівэрсытэтаў (Львоўскі нацыянальны ўнівэрсытэт ім. Івана Франка — вельмі добры варыянт). Кошт 20–30 грн.

Піва: адным з самых лепшых месцаў, дзе можна выпіць піва, лічыцца «Пивний дім Роджера Домса» — тут можна пакаштаваць сьвежага піва, толькі што з бровару. Кошт піва ад 10 да 25 грн.

Кава: паспытаць знакамітай львоўскай кавы можна шмат у якіх месцах. Але я б параіў гэта зрабіць у Крыіўцы (на плошчы Рынак). Кошт кавы складае 10–20 грн. Можна таксама выпіць кавы ў Львоўскай майстэрні шакаляду.

Куды схадзіць: у Львове вельмі шмат цікавых месцаў: касьцёл сьвятой Альжбэты, бэрнардынскі манастыр, мытна плошча, аптэка-музэй, армянскі катэдральны сабор, музэй зброі «Арсенал», Успенская царква, Львоўская ратуша, музэй піва, Лычакаўскія могілкі, помнік Сьцяпану Бандэру і шмат-шмат чаго яшчэ. Згубіцца будзе цяжка, бо па горадзе багата розных указальнікаў+можна бясплатна атрымаць карту і дапамогу гіда ў будынку львоўскай ратушы (цэнтар інфармацыйнай падтрымкі).

Спасылкі на сайты, якія вам дапамогуць: lviv.travel, uz.ua, neruxomist-lviv.at.ua

Львоў

Львоў

Львоў

Львоў

Львоў

Аўтары здымкаў Julia Fox і Зьміцер Суліменка

Болей здымкаў з восеньскага Львову ў фотарэпартажы Юлі Fox

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.