Андрэй Мельнікаў засьпяваў у Чырвоным Касьцёле пра 19 сьнежня

Людзі туліліся на прыстаўных крэслах, натоўпіліся ў праходах ды сядзелі на падлозе ў дольнай залі Чырвонага касьцёлу. На канцэрце ў падтрымку касьцёлу Сьвятога Язэпа Алег Хаменка прызнаўся ў сваім «рокерстве», а Андрэй Мельнікаў прэзэнтаваў песьню пра падзеі 19 сьнежня.

Вечар выйшаў насычаным — падтрымаць ініцыятыву прыйшлі вядомыя музыкі і калектывы: Зьміцер Вайцюшкевіч і Кася Камоцкая, Тацьцяна Беланогая і Ганна Чумакова, Андрэй Плясанаў і Алег Хаменка, гурт «Рэха» і Цёмасс, Андрэй Мельнікаў і Хор Чырвонага Касьцёла.


Вядомыя гіты і новыя актуальныя песьні — канцэрт быў багаты на прэзэнтацыі, а ўтульная атмасфэра спрыяла размовам. Выбітны бард Андрэй Мельнікаў выканаў новую песьню — пра падзеі 19 сьнежня, якія адбываліся наўпрост на прыступках касьцёлу.


«Буду граць гучна, бо я крыху рокер», — жартаваў перад сваім выступам лідэр «Палацу» Алег Хаменка, завяршыўшы выступ сур’ёзным. — Храмы павінны заставацца храмамі, палацы палацамі».


Моладзь Чырвонага касьцёлу, якая ўпершыню ладзіла такі канцэрт, вельмі натхнілася посьпехам. Вернікі ўжо каторы год змагаюцца за вяртаньне касьцёлу Сьвятога Язэпа і кляштару бэрнардынцаў законнаму ўласьніку — Каталіцкаму касьцёлу. Цяпер да малітоўнай барацьбы (штопанядзелак вернікі зьбіраюцца ля касьцёлу на малітву) за касьцёл далучаецца і музычная падтрымка.

Кляштар бэрнардынцаў з касьцёлам Сьвятога Язэпа заснаваны ў 17 стагодзьдзі і адбудаваны на грошы вернікаў. Аднак у 1864 годзе будынак быў канфіскаваны расейскімі ўладамі за ўдзел гараджанаў Менску ў нацыянальны-вызвольным паўстаньні. У касьцёле разьмясьцілі праваслаўную палкавую царкву, а ў кляштарных карпусах – казармы і памяшканьне сьледчай камісіі. А з 1897 касьцёл быў прыстасаваны пад архіў. Вернікі змагаюцца за вяртаньне касьцёлу ўжо 18 гадоў. Аднак чыноўнікі тлумачаць, што «няма куды перамясьціць архівы». У той жа час у 2005 годзе ўлады Менску выдзелілі сродкі на рэканструкцыю будынкаў, аднак з мэтаю прыстасаваньня пад гатэльны комплекс.

Глядзіце таксама фотарэпартаж з канцэрту ў падтрымку касьцёлу Св.Язэпа

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.