Два мэтры беларускай кнігі

Аб’яднаны стэнд айчынных прыватных выдавецтваў будзе працаваць у рамках ХVIII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша, якая пройдзе 9–13 лютага ў выставачным цэнтры БелЭКСПА (вул. Янкі Купалы, 27).

Пра свой супольны ўдзел у кірмашы абвесьцілі восем партнэраў: выдавецтвы «Логвінаў», «Галіяфы», «Лімарыюс», выдавец Зьміцер Колас, МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“» а таксама рэдакцыі часопісаў «ARCHE-пачатак», «Дзеяслоў», «pARTisan».

Супольнікі арэндавалі на кірмашы мінімальна магчымую выставачную прастору (2 квадратныя мэтры), але амбітна паспрабуюць сабраць з гэтага лапіка максымум культурнага ўраджаю.

Партнэры стэнда выдаюць кнігі і часопісы на беларускай мове. Акцэнт робіцца на сучасную мастацкую і гістарычную літаратуру — як арыгінальную, так і перакладную. Ідэя аб’яднаць фінансы, высілкі і імпэт дзеля прадастаўленьня на кірмашы актуальнай беларускай кнігі належыць выдаўцу Марыне Шыбко, дырэктарцы выдавецтва «Лімарыюс»:

«Выдавецтва можа прадукаваць 20 кніг у год, але вартымі экспазыцыі на міжнародным узроўні палічыць толькі адну-дзве з іх. Гэта нармальна. І добрае рашэньне тут — аб’яднаныя стэнды». («Новы час» 12 лютага 2010 году).

Аб’яднаны стэнд прыватных выдаўцоў носіць экспэрымэнтальны характар. Праца двухмэтровага латка-выставы будзе адбывацца ў рэжыме хэпэнінгу з элемэнтамі батлейкі, балагану і высокага мастацтва.

Абавязковы пункт праграмы — сустрэчы з найлепшымі аўтарамі выдавецтваў і часопісаў (глядзіце ніжэй графік камунальнай кухні стэнда).
Шукай нас па дзіўнаватых гуках і шыльдзе «Прыватныя выдаўцы»!!!

ПАШЫРАЙ МЭТРАЖ ВЕДАЎ!

Гадзіны працы выставы-кірмаша: 9 лютага (серада) 14:00 — 19:00, 10–12 лютага (чацьвер-субота) выстава адкрытая для наведнікаў з 10:00 да 19:00. 13 лютага (нядзеля) з 10:00 да 15:00.

Урачыстае адкрыцьцё кірмаша — 9 лютага, а 12:00 (уваход па запрашэньнях).

ГРАФІК КАМУНАЛЬНАЙ КУХНІ БЕЛЛІТУ

(магчымыя нязначныя зьмены, істотныя дапаўненьні і прыемныя сюрпрызы)

9 лютага (серада) / Зоркі ля пліты

14:00 — 15:00 Уладзімір Арлоў прэзэнтуе зборнік гістарычных апавяданьняў «Ля дзікага поля».

15:00 — 16:00 Альгерд Бахарэвіч падпісвае кнігі «Халоднае сэрца», «Праклятыя госьці сталіцы».

16:00 — 17:00 Адам Глёбус прадстаўляе новую кнігу «Крутагорскія казкі» і зборнік паэзіі «Новае неба».

17:00 — 18:00 Зьміцер Вішнёў ставіць аўтографы на раманы «Замак з крапівы» «Фараон у заапарку», «Тамбурны маскіт».

10 лютага (чацьвер) / Партызанскі падвячорак

14:00 — 16:00 рэдактар часопіса «pARTisan» Артур Клінаў прэзэнтуе ваенны раман «Шалом».

16:00 — 17:00 Філёзаф Валянцін Акудовіч тлумачыць галоўнае пра кнігі «Код адсутнасьці», «Архіпэляг Беларусь» .

11 лютага (пятніца) / Інтэлігенцкія пасядзелкі

14:00 — 16:00 Прэзэнтацыя сэрыі гістарычных кніг часопіса «ARCHE». Сустрэча з выдаўцом Валерам Булгакавым.

16:00 — 17:00 Арцём Кавалеўскі чытае паэзію са зборнікаў «Аддаленасьць і адданасьць», «АдмыСЛОВЫя гульні».

17:00 — 18:00 — Андрэй Хадановіч расказвае свае паэтычныя «Несымэтрычныя сны».

12 лютага (субота) / Шахматы з суседам

13:00 — 14:00 Анатоль Вярцінскі прадстаўляе зборнік паэзіі «Асобныя радкі».

14:00 — 15:00 Алесь Разанаў чытае «З Вяліміра Хлебнікава», «З апокрыфа ў канон», «Воплескі даланёю адною».

15:00 — 16:00 Наталка Бабіна падпісвае раман «Рыбін горад».

13 лютага (нядзеля) / Раніца ў нядзельку (прыватныя выдаўцы — дзеткам)

11:00 — 12:00 Зьміцер Колас прадстаўляе кнігу Тувэ Янсан «Камета над далінай мумітроляў» (ілюстрацыі аўтаркі; пераклад са швэдзкай — Настасьсі Лабоды і Алесі Башарымавай).

12:00 — 13:00 Вера Жыбуль чытае любімыя ўрыўкі са свайго перакладу кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і то ўбачыла там Аліса» (часопіс ARCHE #10–2009).

13:00 — 14:00 — беларускія эльфы і хобіты прадстаўляюць казку Дж. Р. Р. Толкіна «Каваль з Вялікага Вутану» (пераклад з англійскай — Антон Францішак Брыль).

11:00, 08/02/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.