Facebook спрыяе хуткаму сэксу

Людзі, якія пазнаёміліся ў сацыяльных сетках, хутчэй «скачуць» у ложак у параўнаньні з тымі, хто пазнаёміўся ў оф-лайне. А 70% жанчын абавязкова запытаюцца ў Google пра патэнцыйнага бойфрэнда перад пачаткам зносінаў. Такія дадзеныя выкрылі аўтары дасьледаваньня, праведзенага па замове часопісаў Shape і Men’s Fitness.

Паводле апытаньня, чатыры зь пяці жанчын і тры зь пяці мужчын лічаць, што зносіны праз сацыяльныя сеткі, у тым ліку Facebook і Vkontakte, дапамагаюць ім даведацца пра адзін аднаго дастаткова шмат, каб адразу перайсьці да сэксу.

38% жанчын прызналіся, што на інтымны кантакт іх падштурхнула менавіта віртуальнае знаёмства з партнэрам. Псыхолягі кажуць, што абмен тэкставымі паведамленьнямі спрыяе болей нязмушаным зносінам і стварае ўражаньне блізкасьці:

«Таксама ствараецца памылковае ўражаньне, што вы быццам былі разам на працягу доўгага часу, таму насамрэч няма нічога дзіўнага ў тым, калі людзі хутка вырашаюць заняцца сэксам», — камэнтуюць спэцыялісты дадзеныя дасьледаваньня.

А каб праверыць верагоднага хлопца ці дзяўчыну перад пачаткам адносінаў, 70% жанчын і 60% мужчын зьвяртаюцца да пошукавікоў за інфармацыяй пра партнэраў.

Таму нядзіўным выглядае тое, што 4 з 5 дзяўчын рэгулярна сочаць за старонкамі былых партнэраў у сацсетках. А 75% усіх рэспандэнтаў любяць зазірнуць на старонкі сваіх былых палюбоўнікаў альбо палюбоўніц.

У апытаньні, праведзеным па замове мужчынскіх часопісаў Shape і Men’s Fitness, прынялі ўдзел 1200 мужчын і жанчын, паведамляе Daily Mail.

На дадзены момант болей за паўмільярды чалавек карыстаюцца Facebook. Большасьць зь іх — дзяўчыны ад 18 да 25 гадоў. 41% карыстальнікаў гэтай сеткі залазяць у яе штодня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.